Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае 22 траўня збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Грамадзян забіраюць з дома, затрымліваюць на працы, адбываюцца вобшукі і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы, блакуюцца інтэрнэт-рэсурсы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.  Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Сяргей Ціханоўскі. Фота: Сяргей Сыс

Палітвязня Сяргея Ціханоўскага этапавалі ў СІЗА-3 у Гомелі. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Краіна для жыцця». Там пройдзе суд над ім, а таксама Статкевічам, Лосікам, Цыгановічам, Сакавым і Паповым. Дата суду яшчэ не прызначаная.

Раней у Гомель этапавалі Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка.

4 траўня стала вядома, што справу палітвязняў Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Уладзімера Цыгановіча, Арцёма Сакава і Дзьмітрыя Папова будзе разглядаць Гомельскі абласны суд.

Праз трое сутак з моманту затрымання супрацоўнікаў Tut.by некаторым сваякам паведамілі, што яны знаходзяцца ў статусе падазраваных і будуць утрымлівацца пад вартай. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал Tut.by.

Як паведамляюць сваякі, Марыну Золатаву, Вольгу Лойку, Алену Талкачову, Алу Лапатку, а таксама намесніка дырэктара Ірыну Рыбалку, намесніка галоўнага бухгалтара Марыю Новік перавядуць у СІЗА № 1 на Валадарскага. У іх статус падазраваных.

Раніцай 22 мая на тэрыторыі Беларусі перастаў адкрывацца найбуйнейшы расійскі спартовы сайт Sports.ru. Некаторыя жыхары Беларусі пры спробе зайсці на яго бачаць пусты экран, іншыя — паведамленне аб блакаванні Міністэрствам інфармацыі.

Жабінка

Затрыманага на 72 гадзіны мясцовага жыхара Дзмітрыя Лісічыка сёння раніцай павінны былі адпусціць з ІЧУ. Аднак на волю ён не выйшаў. У ІЧУ сваякам паведамілі, што тэрмін утрымання працягнуты яшчэ на 72 гадзіны – ідуць следчыя дзеянні.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Крыніца: Сяргей Ціханоўскі этапаваны ў Гомель. Хроніка пераследу за 22 траўня