Суд Савецкага раёна Мінска 15 красавіка пачынае разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Уладзіміра Жыхара, які нібыта адабраў у супрацоўніка міліцыі траўматычны пісталет.
Яго вінавацяць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- частка 1 артыкула 342 КК (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
- артыкул 364 КК (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў);
- частка 2 артыкула 206 КК (рабаванне, спалучанае з гвалтам, альбо з пагрозай прымянення такога гвалту).
Справу разглядае суддзя Аляксандр Якунчыхін. Дзяржабвінаваўца - пракурор Анастасся Маліко.
Па справе праходзяць два пацярпелыя супрацоўнікі міліцыі.
З 13 верасня Уладзімір Жыхар знаходзіцца пад вартай. Да суда яго ўтрымлівалі пад вартай ў СІЗА №1 на Валадарцы. Яму пагражае да шасці гадоў зняволення.
Жыхару - 47 гадоў. Разведзены, жыве ў Мінску. Працаваў кіроўцам пагрузчыка на адным са сталічных прадпрыемстваў.
13 верасня 2020 года ў Мінску праходзіў Марш герояў. Падчас яго затрымалі «ўдзельнікаў беспарадкаў, якія напалі на супрацоўнікаў АМАПа». Сілавікі паведамілі, што пратэстоўцы «закідалі міліцыянтаў камянямі і бутэлькамі, а невядомы ў раёне Драздоў выхапіў у міліцыянта траўматычны пісталет». «Невядомага» затрымалі ў той жа дзень, з таго часу ён знаходзіцца пад вартай, - пісала “Наша Ніва”.
Ягоны сын Руслан кажа, што спачатку яго бацьку асудзілі па адміністрацыйным артыкуле.
«Спачатку яму далі 8 сутак. Яго нармальна так памутузілі, ён, здаецца, быў нават у бальніцы ці ў лазарэце. Але пасля нам пазваніў дзяжурны адвакат і сказаў: вы яго не чакайце, завялі крымінальную справу», — кажа Руслан.
Пацярпелымі па справе з’яўляюцца восем супрацоўнікаў амапу:
Дзямідаў, Кісялёў, Грыбоўскі, Колчын, Назараў, Леснікоў, Бурак, і Крукаў.
Пракурор зачытвае матэрыялы следства.
13 верасня Жыхар з групай асоб удзельнічаў ў парушэнні грамадскага парадку ( парушэнне працы транспарту, перашкаджалі працаваць цырульні “Кот Матроскін”, Фікс-Прайсу, Белфармацыі), тым самым абмежавалі права грамадзян на свабодную працу і адпачынак.
Па дарозе ў Дразды, па Ціхаму завулку каля дома 6, маючы ідэю прымянення гвалту да супрацоўніка амапу Грыбоўскага, схапіў яго і паспрабаваў выцягнуць з аўтамабіля. Пагражаў прымяненнем гвалту камандзіру Бураку, Дзяміду, Кісялёву, Крукаву з мэтай перашкодзіць іх абавязкам.
Нанёс не менш за два удары нагой, хапаўся за бронежылет.
Ужыў таксама гвалт да Назарава і Леснікова, якія атрымалі цялесныя пашкоджанні.
Пры гэтым спрабаваў схавацца з месца злачынства, спрабаваў выкрасці маёмасць амапаўца (траўматычны пісталет).
Будзе дапоўнена.