У судзе па справе валанцёраў штаба Бабарыкі. Фота spring96.org У судзе Маскоўскага раёна Мінска 13 красавіка працягнулася судовае пасяджэнне па крымінальнай справе ў дачыненні да валанцёраў выбарчага штаба Віктара Бабарыка, палітвязняў Ігара Ярмолава, Мікалая Сасева, Уладзіслава Карэцкага і Дзмітрыя Канапелькі, якіх абвінавачваюць па ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК - падрыхтоўка да масавых беспарадкаў, і ч.3 арт. 293 КК – навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці.

Справу разглядае суддзя Святлана Бандарэнка. Бок дзяржаўнага абвінавачаньня прадстаўляе пракурор Раман Бізюк.

Як праходзіў першы дзень суда?

Суд на палітвязнямі пачаўся яшчэ 12 красавіка, але за паўгадзіны да пачатку пасяджэння сакратарка непрыкметна замяніла інфармацыю аб зале, дзе планавалася разглядацца крымінальная справа. Слухачоў апавяшчаць не сталі, а пазней не пусцілі ў прызначаную залу - нібыта там няма месцаў.

Як піша dev.by, абвінавачванне кожнаму з чацвёркі можна назваць ідэнтычным, яно тычыцца падзей 9-12 жніўня мінулага года. Прамова дзяржабвінаваўцы доўжылася каля гадзіны.

Па логіцы следства, чацвёра на лаве падсудных, "маючы адзіны намер" і "дзейнічаючы сумесна", здзяйснялі "публічныя заклікі да ўдзелу ў загадзя спланаваных масавых беспарадках на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь".

"З мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў, пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай у тым ліку на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве", кожны з абвінавачаных "наўмысна здзейсніў па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці" шэраг незаконных дзеянняў.

З гэтай мэтай палітвязні нібыта наведалі адзін з будаўнічых супермаркетаў сеткі MILE, дзе былі набытыя:

Пакупкі з супермаркета абвінавачаныя "расфасавалі і размеркавалі паміж сабой, а затым, таксама "па папярэдняй змове", таемна перавезлі ў аўтамабілі KIA RIO "да месцаў масавых беспарадкаў" – скрыжаванне вул. Пляханава і вул. Ракасоўскага, пляцоўкі ля ГЦ "Спектр" і ГЦ "Рыга", дзе праходзілі акцыі пратэсту нязгодных з вынікамі выбараў прэзідэнта.

Кожны з чатырох, падкрэсліваў дзяржабвінаваўца, "меў намер асабіста ўдзельнічаць у масавых беспарадках, часткова перадаў неўстаноўленым асобам з ліку ўдзельнікаў масавых беспарадкаў у мэтах прымянення названыя вышэй прадметы".

Аднак "прыняць асабісты ўдзел не змог", паколькі супрацоўнікамі праваахоўных органаў "прымаліся актыўныя дзеянні па спыненні парушэння грамадскага парадку і затрыманні асоб, якія прымалі ўдзел у масавых беспарадках".

Напрыклад, са слоў сваякоў, Ігара Ярмолава затрымлівалі дома і жорстка збілі: лекары канстатавалі прабітае лёгкае і зламанае рабро.

Ні адзін з абвінавачаных не прызнаў віны. Найбольш актыўным у ацэнцы таго, што адбываецца, апынуўся Ярмолаў. Хлопец сказаў, што абвінавачванне яму не зразумела, а асабліва — інтэрпрэтацыя следствам яго дзеянняў як "падрыхтоўка да пагромаў і падпалаў".

Пасля пытання суда, у якім парадку даследаваць доказы па справе, Ярмолаў паспрабаваў было вымавіць прамову, запісаную на аркушы паперы. Сэнс яе зводзіўся да прапановы звярнуцца да скарочанага парадку судовага следства, паколькі, па словах Ярмолава, "каласальны вопыт і незвычайная дзелавая хватка пракурорскіх работнікаў дазваляюць ім не абапірацца на доказную базу".

Суддзя Святлана Бандарэнка некалькі разоў перарывала абвінавачанага, пасля папрасіла выйсці з залы суда чатырох дзяўчат, якія "няправільна" рэагавалі на словы абвінавачанага, а затым зрабіла папярэджанне і самому Ярмолаву.

На гэтым судовае разбіральніцтва было прыпыненае, а працяг прызначаны на 10:30 раніцы наступнага дня. Пакідаючы залу, з паўсотні чалавек пачалі пляскаць у далоні і выказваць адабрэнне тым, хто сядзеў у клетцы.

Другі дзень суда і допыт абвінавачаных

Раніцай 13 красавіка судовае паседжанне пачалося з допыту абвінавачаных. Першым дапытвалі Ігара Ярмолава.

Ён распавёў, што ўступіў у штаб Віктара Бабарыка ў траўні 2020 года, стаў кіраўніком ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў у Кастрычніцкім раёне Мінска. У штабе пазнаёміўся з Юрыем Васкрасенскім, які быў кіраўніком ініцыятыўнай групы па Першамайскім раёне.

Па прапанове апошняга сустрэўся з ім каля 12 гадзін дня 11 жніўня ля ГЦ "Спектр", дзе было яшчэ некалькі чалавек з ініцыятыўнай групы Васкрасенскага, якія размаўлялі і абмяркоўвалі мірныя акцыі пратэксту і тое, што ўзброеныя супрацоўнікі міліцыі стралялі па пратэстоўцах. У нейкі момант Васкрасенскі адклікаў Ярмолава ў бок і спытаў, ці ёсць у яго ідэі таго, як перашкодзіць міліцыі збіваць і затрымліваць людзей, якія мірна пратэстуюць супраць дзеючай улады.

"Таксама ён спытаў, што я думаю пра лазерныя указкі, я адказаў, што падтрымліваю толькі мірныя спосабы і што бачыў ўказкі ў продажы і збіраюся сабе купіць такую: перашкаджаць цэліцца супрацоўнікам, каб яны не маглі нікога параніць або забіць. Юрый спытаў, ці змагу я купіць больш указак, калі ён дасць на гэта грошай. Я адказаў, што магу паспрабаваць".

Васкрасенскі перадаў Ярмолаву грошы, сказаў, што яму трэба 20 указак, а тыя, што застануцца Ігар можа пакінуць сабе. Абвінавачаны падлічыў, што на перададзеныя грошы ў інтэрнэт-краме можна купіць 25 указак. Да сустрэчы з Васкрасенскім палітвязень планаваў купіць указку толькі сабе.

Ігар Ярмолаў пайшоў на бліжэйшы рынак і выявіў, што ўказкі там каштуюць у разы танней, на выдадзеныя грошы ён змог купіць каля 100 указак. Вярнуўся да ГЦ "Спектр", каб перадаць набыты тавар Васкрасенскаму, той прапанаваў ад'ехаць, бо заўважыў чалавека, які падазрона сачыў за ім. Палітвязень пагадзіўся, рухаўся нейкі час за ім на сваім аўтамабілі, пакуль Васкрасенскі не спыніўся. Пасля сказаў Юрыю, што купіў 100 штук, той адказаў, што яму столькі не трэба і ўзяў 40 указак, сказаў, што Ярмолаў астатнія можа "пакінуць сабе і раздаць каму захоча". Васкрасенскі згадаў, што аддасць набытыя ўказкі камусьці са сваёй групы, каб той чалавек іх раздаў.

У аўтамабілі абвінавачанага з Новага года заставаліся петарды, разам з імі былі запальніцы. Лазерныя ўказкі Ігар Ярмолаў абмяркоўваў толькі з Мікалаем Сасевым, бо той раней таксама сабе купіў такую. З астатнімі абвінавачанымі Ярмолаў указкі не абмяркоўваў, пакуль не прывёз іх у офіс штаба. Думаў, што іх можна раздаваць на пратэстных акцыях, але як гэта рабіць - не вызначыўся.

Пасля размовы з іншымі валанцёрамі ў штабе, палітвязень падумаў, што ўказкі можна раздаваць адэкватным людзям і тлумачыць ім, што з іх дапамогай можна перашкаджаць цэліцца ўзброеным супрацоўнікам у мірных бяззбройных людзей:

"Мне шкада людзей, якія былі параненыя. Мне шкада сваякоў загінуўшых, якія страцілі любімага чалавека. І з іншага боку, як бы дзіўна гэта не гучала, мне шкада супрацоўнікаў, якія ў гэтай сітуацыі сталі забойцамі. Кожнага з іх. Ён не выйшаў супраць узброенага чалавека, ён страляў у бяззбройнага: чыіхсьці бацьку, брата, сына. Як яму жыць з гэтым? Усё на свеце праходзіць, але чалавека, якога вы забілі - вы ніколі не забудзеце: ён будзе з вамі ў ложку, за сталом, у адзіноце і натоўпе. Забойства - заўсёды забойства!"

Па дарозе ў офіс Ігар Ярмолаў падабраў Уладзіслава Карэцкага і папрасіў яго дапамагчы аднесці ўказкі. У адным з пакетаў ляжалі петарды і запальніцы. У офісе ўказкі сабралі - ўставілі батарэйкі, раскладвалі па пакетах па 15-20 штук, абмяркоўвалі каму і як раздаваць, але дакладнага плана не было.

Таксама ў офіс Мікалай Сасеў прывёз два маленькія малаткі, якія прасіў яго купіць Ярмолаў для таго, каб прыбіваць аб'явы аб планаваных мірных акцыях пратэсту. Абвінавачаны спытаў у іншых – ці будуць яны кідаць петарды, тыя адказалі адмоўна. Пасля гэтага ён паклаў пакет з петардамі ў багажнік і больш іх адтуль не даставаў.

Пазней мужчыны селі ў машыну, паехалі ў мікрараён "Серабранка", запаркаваліся недалёка ад "Гіпа". Мікалай Сасеў перадаў Ігару Ярмолаву ўказкі, з чаго ён зразумеў, што той не збіраецца іх раздаваць. Таксама ён перадаў яму малаток, і Ярмолаў паклаў яго ў багажнік, бо аб'явы ён збіраўся друкаваць на наступны дзень. Ідэя раздаваць указкі ўжо не здавалася абвінавачанаму добрай, таму ён узяў указку сабе, а астатнія пакінуў.

Каля гадзіны яны знаходзіліся ў Серабранцы: размаўлялі з людзьмі з нагоды вынікаў выбараў. Потым убачылі, што прыехалі аўтазакі, з якіх выгрузіліся супрацоўнікі са шчытамі - пачаліся затрыманні, людзі супраціву не аказвалі. Тады Ярмолаў з іншымі валанцёрамі штаба вырашылі з'язджаць. У супрацоўнікаў палітвязень указкай не свяціў, але да гэтага правяраў як далёка прамень свеціць, адзначыў, што хутка садзілася батарэйка.

Мужчыны паехалі ў бок Уручча, там таксама размаўлялі з людзьмі, дзяліліся меркаваннем аб тым, што адбываецца. Праз хвілін 25 туды прыехалі супрацоўнікі міліцыі са шчытамі і пачалі разганяць людзей. Ігар Ярмолаў разам з іншымі накіраваліся да машыны, вырашылі з'язджаць, а па дарозе заехаць да ГЦ "Рыга" і паглядзець, што адбываецца там. Там таксама былі людзі, і туды прыехаў вадамёт. Людзі разышліся, ніхто супраціву не аказваў. Палітвязень сеў у машыну, яму патэлефанаваў іншы валанцёр і папрасіў забраць і падвесці яго дадому. Ярмолаў пагадзіўся, калі высаджваў Дзмітрыя Гарбачова каля дома - папрасіў забраць і захоўваць пакеты з указкамі, бо ведаў, што ДАІ спынялі і правяралі машыны. Стэлефаноўваўся з іншымі і ведаў, што ўсе раз'ехаліся па дамах.

На наступны дзень удзельнічаць у акцыях не планаваў, хацеў сустрэцца з сябрамі, каб абмеркаваць падзеі, якія адбыліся.

Ігар Ярмолаў звярнуў увагу суда, што яму незразумелыя выстаўленыя абвінавачванні. З дапамогай указак ён "не збіраўся рабіць пагромы, падпалы, знішчаць маёмасці, аказваць узброены супраціў прадстаўнікам улады", ні з кім не абмяркоўваў які-небудзь план дзеянняў. Акрамя таго, у матэрыялах справы ёсць неўстаноўленыя прадметы, але іх наяўнасць нічым не пацверджана.

Палітвязень лічыць прад'яўленыя яму абвінавачванні галаслоўнымі.

Інфармацыя будзе дапоўненая. 

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс

Крыніца: Масавыя беспарадкі з дапамогай лазарных указак? Як праходзіць суд над валанцёрамі штаба Бабарыкі