Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мэры Лолар. Фота OHCHR Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мэры Лолар заявіла аб сваёй занепакоенасці, выкліканай узмоцненнем ціску на праваабаронцаў у Беларусі. Аб гэтым паведамляецца на сайце ААН. 

"Ператрусы ў офісах, арышты праваабаронцаў і перашкода працы адвакатаў сталі агульнай практыкай, - сказала Лолар. - Мне нават паведамлялі, што некаторыя прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці за супрацоўніцтва з ААН і падвяргаюцца жорсткаму абыходжанню падчас утрымання пад вартай".  

Лолар згадала Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага, супрацоўнікаў офіса па правах людзей з інваліднасцю, якія супрацоўнічалі з офісам ААН па правах чалавека. 

"Яны пазбаўленыя волі ў сувязі з праваабарончай дзейнасцю. Драздоўскі, дырэктар арганізацыі і інвалід-вазочнік, быў вымушаны перанесці знясільваючы сямігадзінны допыт, а юрысконсультанта Граблеўскага прымусілі распрануцца дагала падчас допыту.

Гэтыя выпадкі паказваюць, што сітуацыя, якая пачалася падчас прэзідэнцкіх выбараў у жніўні мінулага года, працягваецца і пагаршаецца", - адзначыла Лолар. 

Эксперт ААН распавяла пра тое, што Марыі Рабковай, каардынатарцы валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра «Вясна», дзе вялася праца па дакументаванні катаванняў, маніторынгу сітуацыі па захаванні свабоды сходаў і іншых правоў чалавека, пасля яе арышту ў верасні мінулага года прад'яўленыя новыя абвінавачванні.

Чацвёра супрацоўнікаў Прэс-клуба Беларусь, якія ўдзельнічалі ў працы па дакументаванні выпадкаў рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў, таксама былі затрыманыя па абвінавачванні ва "ўхіленні ад выплаты падаткаў". Пяты супрацоўнік дэпартаваны ў Расійскую Федэрацыю.

"Большасці затрыманых прад'яўляюць абвінавачванні ў эканамічных злачынствах", - сказала Лолар, дадаўшы, што ў яе выклікае сур'ёзныя асцярогі пытанне справядлівасці судаводства. 

Эксперт ААН таксама адзначыла, што многіх праваабаронцаў нядаўна вымусілі падпісаць пагадненні аб неразгалошанні інфармацыі:

"Пагадненні аб невыдаванні інфармацыі дэ-факта ўзводзяць абмен інфармацыяй аб сітуацыі з правамі чалавека ў разрад супрацьзаконных. Прастора для ажыццяўлення праваабаронцамі іх дзейнасці ў Беларусі становіцца немагчыма вузкай".

Лолар заклікала да зняцця ўсіх абмежаванняў правоў грамадзянскай супольнасці. 

"Калі праваабаронцаў, супрацоўнікаў СМІ і адвакатаў прымушаюць маўчаць, меркаваныя парушэнні правоў застаюцца бескантрольнымі і нерасследаванымі", - заявіла яна.

Па гэтым пытанні эксперт застаецца ў кантакце з органамі ўлады.

Заклік Мэры Лолар падтрымалі Анаіс Марэн, спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі; Джэрард Куін, спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб правах інвалідаў; Дыега Гарсія-Сайян, спецыяльны дакладчык па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў; Нільс Мельцэр, спецыяльны дакладчык па пытанні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відах абыходжання і пакарання.

Крыніца: Спецдакладчык ААН: Ціск на беларускіх праваабаронцаў ўзмацняецца