Гарадзенскія праваабаронцы Раман Юргель, Віктар Сазонаў, Андрэй Коця і Уладзімір Хільмановіч У Следчы камітэт па Гарадзенскай вобласці на 20 сакавіка выклікалі сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна” Віктара Сазонава і праваабаронцу Андрэя Коцю. Вядома таксама, што ў пятніцу тэлефанавалі Уладзіміру Хільмановічу, аднак пакуль няясна, ці атрымаў ён позву на допыт.

Допыты праводзяцца ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса - навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Вось што  паведаміў Беларускаму Радыё Рацыя Віктар Сазонаў:

- Мы заўсёды займаліся толькі законнай дзейнасцю, мы будзем настойваць на сваім, на тым, што нашая арганізацыя заўсёды дзейнічала ў межах дзеючага заканадаўства. Нам застаецца толькі абараняцца законнымі метадамі. Якія метады будуць прымяняцца да нас, гэта мы неўзабаве даведаемся.

Цягам усяго  тыдня праваабаронцаў і валанцёраў “Вясны” з розных гарадоў Беларусі следчыя выклікаюць на допыты. Вядомы дзесятак такіх выпадкаў. Самы апошні - допыт Андрэя Палуды ў пятніцу.

Раней былі затрыманыя і знаходзяцца ў следчых ізалятарах праваабаронцы і валанцёры Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк (Мінск), Леанід Судаленка (Гомель) і Таццяна Ласіца (Рэчыца).

З гэтай нагоды Рада Праваабарончага цэнтру “Вясна” выказала свой пратэст у сувязі з чарговымі рэпрэсіямі ў дачыненні да  арганізацыі і яе сябраў і заявіла, што ніколі не спыніць сваёй законнай праваабарончай дзейнасці на карысць усяго беларускага грамадства, скіраванай на прасоўванне ідэй і каштоўнасцяў правоў чалавека і дэмакратыі.

У Следчы камітэт на допыт выклікалі праваабаронцу Андрэя Палуду

На допыт у Следчы камітэт 19 сакавіка быў выкліканы яшчэ адзін сябра ПЦ “Вясна” – праваабаронца Андрэй Палуда.

Крыніца: У Следчы камітэт у суботу выклікаюць гарадзенскіх праваабаронцаў