У суде Кастрычніцкага раёна Гродна 19 студзеня працягняўся разгляд справы за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 траўня па так званай "справе Ціханоўскага". На лаве падсудных знаходзяцца трое з дзесяці фігурантаў крымінальных справаў за 29 траўня: Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга. Пацярпелымі па справе прызнаныя чатыры супрацоўнікі міліцыі. На першы дзень судовага паседжання з'явіліся толькі двое — Уладзімір Казлоўскі і Александр Хваленя, на другі дзень суда планаваўся іх допыт. Але на суд яны не з'явіліся па прычыне таго, што яны "задзейнічаныя ў ахове грамадскага парадку ў сувязі з Хрышчэннем". У судзе ў сувязі з гэтым абвешчаны перапынак на тыдзень. "Вясна" працягвае назіраць за судовым пасяджэннем і распавядае, што было на другім судовым паседжанні.  Нагадаем, Дзмітрыя Фурманава, Яўгена Разнічэнку і Уладзіміра Кнігу абвінавачваюць у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак 29 траўня ў Гродне (ч.1 арт. 342 КК). Акрамя гэтага, Разнічэнку і Кнігу абвінавачваюць у гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК). Абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны па ўсіх эпізодах.

Дзмітрый Фурманаў на судзе 19 студзеня. Фота: spring96.org
Дзмітрый Фурманаў на судзе 19 студзеня. Фота: spring96.org

Справу раглядае Справу разглядае суддзя Кастрычніцкага раёна Гродна Вольга Бекушава. Дзяржаўнае абвінавачванне па справе падтрымлівае старэйшы памочнік пракурора Гродна Мікіта Мыслівец. Па справе прызнаныя чатыры пацярпелыя міліцыянты. На суд у першы дзень з'явіліся толькі два пацярпелыя ад дзеянняў Разнічэнкі і Кнігі супрацоўнікі міліцыі — Уладзімір Казлоўскі і Александр Хваленя. Пацярпелыя супрацоўнікі АМАПу — Рахунок і Буднік — на суд не змаглі з'явіцца па прычыне хваробы і сесіі. Участковы Казлоўскі, які апынуўся 29 траўня падчас пікета на зямлі, на першым судовым паседжанні заявіў пазоў да Разнічэнкі аб кампенсацыі маральнай шкоды на суму 8 000 рублёў.

У першы дзень суда дапыталі Дзмітрыя Фурманава. У другі дзень ў пракурора ўзніклі яшчэ некалькі пытанняў да Фурманава: ці просіў ён сваю дзяўчыну Вольгу Каракіну размяшчаць інфармацыю аб плануючых мітынгах. Дзмітрый адмовіўся адказваць на гэтае пытанне. Сам Фурманаў не размяшчаў афішы ў сацсетках. Да допыту Фурманава прыступілі адвакаты. На іх пытанні ён паведаміў, што ніякіх дамоўленасцяў з Ціханоўскім на парушэнне грамадскага парадку ў яго не было, таксама ён сказаў, што за сваю дзейнасць у "Стране для жизни" ён ні ад каго ніколі не атрымліваў матэрыяльнае ўзнагароджанне. На пікеце перад падзеннем міліцыянта Казлоўскага Фурманаў не чуў ніякіх заклікаў аб гвалце, якіх-небудзь пагроз. На ўдакладняючыя пытанні суддзі Дзмітрый растлумачыў, што з Ціханоўскім яны загадзя не абмяркоўвалі правядзенне 29 траўня ў Гродне іншых масавых мерапрыемстваў — толькі збор подпісаў. Таксама ён не заклікаў ні ў Гродне, ні ў іншых гарадах, дзе адбываўся збор подпісаў, прыходзіць людзей папрысутнічаць. Дзмітрый Фурманаў проста збіраў подпісы за вылучэнне Святланы Ціханоўскай у кандыдаткі ў прэзідэнты.

Сёння, 19 студзеня, чакаўся допыт двух пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі — Уладзіміра Казлоўскага і Александра Хвалені. Але суддзя зачытала паведамленне начальніка Ленінскага РУУС аб тым, што ўчастковыя не змогуць сёння з'явіцца ў суд па прычыне таго, што яны "задзейнічаныя ў ахове грамадскага парадку ў сувязі з Хрышчэннем". Суддзя абвясціла перапынак.

Пацярпелыя міліцыянты Уладзімір Казлоўскі і Аляксандр Хваленя. Фота: spring96.org
Пацярпелыя міліцыянты Уладзімір Казлоўскі і Аляксандр Хваленя. Фота: spring96.org

Працяг судовага паседжання адбудзецца ў чацвер, 28 студзеня, у 10:45.

Падрабязнасці справы і першага дня суда чытаць тут:

Першы суд за інцыдэнт на пікеце 29 траўня ў Гродне: Абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны

У Гродне 18 студзеня пачаўся першы суд за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 траўня па так званай "справе Ціханоўскага". На лаве падсудных знаходзяцца трое з дзесяці фігурантаў крымінальных справаў за 29 траўня: Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга.

Крыніца: Другі дзень суда па “справе Ціханоўскага”: Пацярпелыя міліцыянты не з'явіліся, бо яны "задзейнічаныя на Хрышчэнні" Фота