Праваабарончы цэнтр “Вясна” з дапамогай актывістаў Валанцёрскай службы з 9 жніўня 2020 года збіраў дадзеныя пра колькасць затрыманняў на мірных акцыях пратэстаў з розных крыніц – паведамленні на гарачую лінію арганізацыі, інфармацыі са СМІ і тэлеграм-чатаў дапамогі затрыманым. У выніку структуравання, падліку і аналізу дадзеных праваабронцы атрымалі наступныя звесткі пра адміністрацыйны пераслед за перыяд з 9 жніўня па 31 снежня прошлага года.

Агульная колькасць затрыманняў, якія адбыліся, склала 26 577, пры гэтым колькасць затрыманых грамадзянаў – 25 326 чалавек. Гэта азначае, што больш за 1000 чалавек былі затрыманыя міліцыяй два і больш разоў.

Па падліках валанцёраў за ўказаны перыяд было затрымана не менш як 170 непаўналетніх і мінімум 295 чалавек сталага ўзросту (60+). Найбольшую колькасць затрыманых склалі людзі ва ўзросце ад 19 да 40 гадоў – больш за 10 500 чалавек.

Судамі краіны ў дачыненні да затрыманых было агулам вынесена не менш як 6 886 пастаноў аб арыштах і 3 889 пастаноў аб штрафах па артыкулах 23.34 і 23.4 КаАП (і ў асобных выпадках па арт. 17.1 КаАП).

Пры гэтым папярэджанне было вынесена толькі ў 87 выпадках, а колькасць спыненых справаў не перавысіла 20.

Агульная колькасць сутак, якія адбывалі мірныя дэманстранты, за амаль пяць месяцаў скалала 83 006, а базавых велічынь штрафаў – 66 663, што ў грашовым эквіваленце склала амаль 1 800 000 рублёў.

 

Найчасцей выносіліся рашэнне аб пакаранні 15 суткамі арышту – 2230 выпадкаў, а штрафамі часцей каралі ў 10, 20 і 30 базавых велічынь – 797, 692 і 634 выпадкі адпаведна.   

Пры гэтым пры затрыманнях былі збітыя і моцна збітыя не менш як 381 чалавек, шпіталізацыя спатрэбілася ў 482 выпадках, не менш за 10 чалавек атрымалі агнястрэльныя раненні і пяць чалавек былі забітыя.

Калі вы былі падвергнутыя адміністрацыйнаму пераследу і вам неабходна дапамога - звяртайцеся ў "Вясну". 

Таксама праваабаронцы прапануюць запоўніць анкеты пра ўмовы ўтрыманне ў ізалятары і справядлівасць судовага працэсу

Крыніца: Адміністрацыйны пераслед у 2020 годзе: Больш за 25 000 затрыманых і 83 000 сутак за кратамі