Суд Заводскага раёна горада Мінска першага снежня пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Алены Гесс. Абвінавачваюць яе пад двух артыкулах: за нанясенне "трох гербаў з выявай вершніка на кані", а таксама надпіса "Яна з намі" – артыкул 341 КК РБ (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці); і за "прычыненне збіцця" ўчастковаму, які яе пры гэтым затрымліваў – артыкул 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Справу разглядае суддзя Кацярына Мурашка. Пацярпелым па справе прызнаны участковы інспектар міліцыі УУС Арсеній Кажамякін. На судовае паседжанне ён не з'явіўся па прычыне знаходжання на бальнічным. Дзяржаўны абвінаваўца – Зубік. Алена Гесс працуе ў адной са сталічных крамаў загадчыцай секцыі. Як указвала сведка з боку абароны Кудзінская, Алена "прыстойны і сумленны супрацоўнік. Яна прыйшла працаваць у краму прадаўцом і вырасла да загадчыцы". У Алены ёсць двое непаўналетніх дзяцей.

Алена Гесс
Алена Гесс каля будынка Заводскага суда

Хто яна – абвінавачаная?

Шкода – 5 руб. 80 капеек і адарваны гузік

Паводле абвінавачання, Алена Гесс сёмага кастрычніка ў 00 гадзін 27 хвілін у стане алкагольнага ап'янення з выкарыстаннем гумовых пальчатак ажыццявіла тры нанясенні герба вершніка на кані, а таксама надпіс "Яна з намі" на сцяну будынка па адрасе вуліца Кабушкіна 98а (будынак мінскай цепласеткі) з выкарыстаннем аэразольнага балончыка. Пасля гэтага, прыкладна ў 00 гадзін 28 хвілін Гесс у працэсе затрымання Кажамякіным аказала яму супраціў з выкарыстаннем гумовых пальчатак і балончыка, накіраванага ў вобласці галавы і тулава. Гесс прычыніла яму пабоі, сапсавала яго маёмасць: афарбаваныя чырвонай фарбай яго штаны і плашч, а таксама адзін адарваны гузік.

Шкода будынку – 5 рублёў і 80 капеек, а шкода маёмасці Кажамякіна – 40 рублёў.

Сама Алена прызнае, што нанесла чырвонай фарбай надпіс "Яна з намі", аднак тры "гербы з вершнікам на кані" былі на будынку да таго, як яна прыйшла. Тым не менш, сваю віну Алена ў гэтым не прызнае, бо 23 кастрычніка па гэтай справе над ёй правялі суд па артыкуле 10.9 КаАП РБ (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці), рашэннем якога стала адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу ў 15 базавых велічынь. Яго Алена пагасіла цалкам, а таксама кампенсавала шкоду будынку ў 5 рублёў 80 капеек.

Віны па артыкуле 364 КК РБ Алена не прызнае. Акрамя таго, яна пагасіла Кажамякіну шкоду ў 40 рублёў, а таксама асабіста і шчыра перад ім выбачалася.

"Я галасавала за Ціханоўскую"

Падчас судовага паседжання Алена Гесс распавяла, што надпіс "Яна з намі" прысвячаўся Святлане Ціханоўскай. У тую ноч яна не магла заснуць і пайшла прагуляцца. За некаторы час да гэтага выпіла літр джынтоніка. Узяла з дому аэразольны балончык, які застаўся яшчэ з даўняга рамонту. Пальчаткі яна заўсёды носіць з-за эпідэмалагічнай сітуацыі. На будынку цепласеткі яна ўбачыла выявы герба "Пагоня" – і гэта стала штуршком для праявы сваёй грамадзянскай пазіцыі. Падчас нанясення апошняй літары надпісу Алена пачула ўскрык: "Што вы тут робіце? Стаяць!”. Незнаёмы мужчына ў грамадзянскай форме адзення свяціў ёй у твар тэлефонам. Алена разгубілася і сабралася ўцякаць, але мужчына стаў утрымліваць яе за руку.

"Я вырвалася і ў гэты момант пырснула фарбай, у стане спалоху націснула на балончык. Гэта здарылася неўсвядомлена. Я не бачыла, куды прыйшліся сляды фарбы. Мужчына зрабіў захоп і прыгразіў, што калі я буду супраціўляцца, то ён звернецца да яшчэ больш грубай фізічнай сілы. Ён пачаў тэлефанаваць у дзяжурную частку", – распавяла на судзе Алена і падкрэсліла, што ўвесь гэты час мужчына не прадстаўляўся супрацоўнікам міліцыі, а сваё пасведчанне паказаў толькі ў РУУС.

Таксама Алена патлумачыла, што спалохалася з прычыны таго, што незадоўга да гэтага ў тым жа раёне позна ўначы пры вяртанні з працы яе пераследвала “некалькі нядобранадзейных грамадзян, якія збіраюцца каля начной крамы”

"Выказвайце сваю грамадзянскую пазіцыю не ўначы”

Суддзя Мурашка задала шэраг пытанняў абвінавачванай, якія тычацца яе грамадзянскай пазіцыі.

Суддзя: "З якой мэтай ўзялі фарбу?"

Гесс: "Хацела выказаць грамадзянскую пазіцыю, проста не было штуршка. Калі ўбачыла герб на сцяне, гэта [паўплывала] на маё рашэнне".

Суддзя: "У сувязі з чым абралі такі спосаб выказвання грамадзянскай пазіцыі?"

Гесс: "Можа ад бяссілля... не ведаю…"

[…]

Суддзя: "Вось яна грамадзянская пазіцыя! Выказвайце яе адкрыта, не ноччу! [ ... ] Чаму вы дома не выказалі ў сябе на сцяне сваю грамадзянскую пазіцыю, а абралі грамадскае месца? […]"

Падборка пытанняў суддзі Мурашкі, звязаных з грамадзянскай пазіцыяй Гесс, прадстаўлена ў гэтым аўдыё (з залы судовага паседжання):

Наступнае судовае паседжанне над Аленай Гесс запланавана на 9 снежня, у 10.30. На ім паўторна выклічуць пацярпелага Кажамякіна.

Крыніца: "Чаму вы не выказалі грамадзянскую пазіцыю ў сябе дома?" Суд за надпіс "Яна з намі" і "гвалт" да ўчастковага Аўдыё