Максім Кучынскі. Фота: Газета Слонімская У Беларусі суды пачалі разгляд крымінальных спраў па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса, звязаных з гвалтам, альбо пагрозай прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў, а таксама за

У Слоніме вынесены прысуд мясцоваму жыхару Максіму Кучынскаму, якога звінавацілі ў гвалтоўных дзеяннях супраць супрацоўніка міліцыі (арт. 364 КК РБ). Суддзя Аляксандр Ярмолік 4 лістапада прызнаў яго вінаватым і пакараў двумя гадамі абмежавання волі без накіравання ва ўстановы закрытага тыпу ("хатняя хімія"). Кучынскі таксама павінен выплаціць тысячу рублёў супрацоўніку міліцыі Максіму Герасімчыку ў якасці кампенсацыі за маральны ўрон.

Максім Кучынскі быў затрыманы 9 жніўня ў Слоніме на мірнай акцыі пратэсту, калі заступіўся за дзяўчыну з бел-чырвона-белым сцягам, якую пры разгоне мітынгу збівалі сілавікі. Хлопец быў затрыманы, а на наступны дзень суд вынес пастанову аб адміністрацыйным арышце на 7 сутак. Адначасова была ўзбуджаная крымінальная справа па арт 364 Крымінальнага кодэксу. Да суда, які пачаўся 2 лістапада, Кучынскі знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе.

Як паведамляе Газета Слонімская, на судзе Максім Кучынскі патлумачыў, што ў той дзень, 9 жніўня, на мірнай акцыі пратэсту, бліжэй да вечара з'явілася дзяўчына з бел-чырвона-белым сцягам на плячах і пайшла па цэнтры плошчы.

“Праз некаторы час да яе падышоў мужчына ў цывільным, затым падышлі супрацоўнікі міліцыі, якія ўзялі дзяўчыну пад рукі і павялі ў бок аўтамабіля. Мая мама, убачыўшы гэта, пабегла да дзяўчыны. Адзін з супрацоўнікаў міліцыі стаў маму адштурхоўваць. Калі я ўбачыў тое, што адбываецца, я пабег за мамай і сказаў супрацоўніку міліцыі, каб ён прыбраў рукі, ён прыбраў. Маму адштурхнуў у бок, бо перажываў за яе: мама перанесла некалькі інсультаў. Затым я і іншыя людзі пабеглі за дзяўчынай, і за метраў пяць ад яе мяне нехта ўдарыў у патыліцу. Далей я не памятаю, што адбывалася. Калі пачаў у сябе прыходзіць, я ляжаў на зямлі, на мне быў супрацоўнік міліцыі, іншы супрацоўнік міліцыі спрабаваў закруціць мне руку за спіну. І калі я зразумеў, што адбываецца, я сказаў міліцыянтам, што сам здамся. Пасля гэтага мяне павялі ў машыну," - распавёў ён журналістам.

Для слонімца, які заступіўся за дзяўчыну і парваў кашулю міліцыянту, пракурор запрасіў два гады "хатняй хіміі"

На судовым паседжанні 3 лістапада выступіў дзяржабвінаваўца Віктар Русакевіч, які выказаў сваё меркаванне аб тым што віна Максіма Кучынскага цалкам даказаная матэрыяламі справы ў судзе і запрасіў для абвінавачанага два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстановы закрытага тыпу ("хатняя хімія").

Крыніца: Хроніка крымінальнага пераследу: суды за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі