Як стала вядома "Вясне", 17-ці гадоваму мінчаніну Максіму Бабічу выстаўленае абвінавачванне паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса РБ (Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады ці пацягнуўшых парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый). Зараз ён знаходзіцца пад вартай. Максіма затрымалі 19 кастрычніка прыкладна а 7.30 раніцы ў той час, калі ён выходзіў з пад'езда і накіроўваўся на вучобу (хлопец з'яўляецца студэнтам другога курсу Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа). У якасці прычыны ягонага затрымання быў названы эпізод з блакаваннем дарогі 13 кастрычніка ў Серабранцы (раён Менска), на скрыжаванні праспекта Ракасоўскага і вуліцы Пляханава. Затым хлопца павезлі ў Ленінскае РУУС горада Менска. Допыт над ім адбыўся толькі ў 16 гадзін (пра тое, што адбывалася з хлопцам у прамежку з 7.30 да 16-ці гадзін, невядома). У якасці меры стрыманьня абраны арышт.

Максім Бабіч. фота з сацыяльных сетак
Максім Бабіч. Фота з сацыяльных сетак

Блізкія Максіма падавалі хадайніцтва аб абранні іншай меры стрымання, аднак яго адхілілі. Паводле тэлеграм-каналу "Списки задержанных Жодино+Окрестино+Барановичи", Максім Бабіч па стане на 10.30 гадзін 22 кастрычніка знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання горада Менска (1-ы завулак Акрэсціна).

Максім Бабіч мае праблемы са здароўем – у яго парок сэрца.

Крыніца: За эпізод з блакаваннем дарогі ў Серабранцы непаўналетняму мінчаніну пагражае крымінальная адказнасць