Спроба затрымаць Таццяну Наскову ў Светлагорску У панядзелак 19 кастрычніка ў Мінску, Светлагорску, Наваполацку, Баранавічах адбыліся затрыманні ўдзельнікаў акцый пратэсту. 

Светлагорск

Як паведаміла праваабаронца Алена Маслюкова, днём былі затрыманы ўдзельнікі акцыі пенсіянераў Віктар Ахрамчук, Галіна Клімовіч і Валянціна Сідарэнка. У жанчын міліцыянты перапісалі асабістыя дадзеныя і адпусцілі, а Ахрамчука толькі позна ўвечары. Міліцыянты таксама спрабавалі затрымаць актывістку Таццяну Наскову, але гэта не атрымалася. Жанчын выклікалі ў РАУС для складання пратаколаў аб удзеле ў несанкцыянаванай акцыі. 

Таксама ўвечары ў РАУС вызвалілі Крысціну Малашонак, у якой напярэдадні адбыўся ператрус. 

Акрамя таго, Дзмітрый Грышко, якога затрымлівалі напярэдадні і прысудзілі сёння 15 базавых штрафу затрымалі ізноў да суда.

Наваполацк

Да суда быў затрыманы Аляксей Маліноўскі - ён выступаў на акцыі пратэсту ад "Нафтана". Яго выклікалі ў РАУС па позве, аштрафавалі на 2 базавыя велічыні за ўдзел у акцыі ў верасні (па ч. 1 арт. 23.34 КаАП) і адразу ж затрымалі - ужо па ч. 2 (арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства). Таксама пратакол па гэтым артыкуле складзены і на жонку Аляксея.

Мінск

Вядома, што пасля "Маршу мудрасці", які праходзіў днём у цэнтры сталіцы, была затрымана жанчына, якая развозіла дамоў удзельнікаў акцыі. Таксама паведамляецца пра затрыманне на праўладным шэсці двух чалавек, якія разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі. 

Вобшук прайшоў у кватэры Іллі Глаўко. Была вынята ўся тэхніка, Іллю затрымалі.

Пухавіцкі раён

У вёсцы Рыбцы Пухавіцкага раёна быў затрыманы Іван Багдзевіч. Затрымліваць Івана прыехаў бус узброеных амапаўцаў. Яго павезлі ў Мінск. Дакладная прычына затрымання не вядома.

Баранавічы

Затрыманы ваенны пенсіянер Ігар Лаўрушчык. За ім прыехалі наўпрост дамоў, да пачатку мітынгу пенсіянераў. Пакінулі ў ізалятары да суда. 

Крыніца: Затрыманні ў Беларусі ў панядзелак 19 кастрычніка