На чацвёрты дзень судовага разгляду крымінальнай справы маладзечанцаў Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцягнеева ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаным з ужываннем гвалту), заслухоўваюць паказанні абвінавачаных. У першы дзень суда Уладзіслаў Еўсцягнееў заявіў, што ён прызнае віну цалкам, а Павел Пяскоў – часткова. Да 18 верасня ў адносінах да маладзечанцаў была ўжыта мера стрымання ў выглядзе хатняша арышту. У пятніцу Паўлу Пяскову змянілі меру стрымання на заключэнне пад заключэнне пад варту па прычыне таго, што ў начальніка Маладзечанскага РАУС маецца аператыўная інфармацыя, што Пяскоў мае намер з’ехаць за мяжу. У зал суда 22 верасня Пяскова прывялі пад канвоем. Нагадаем, 16 верасня суд Маладзечанскага раёна пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцягнеева, удзельнікаў акцыі салідарнасці 19 чэрвеня, на якой маладзечанцы адбілі ў сілавікоў затрыманага. Кадры патасоўкі каля міліцэйскага мікрааўтобуса выклікалі вялікі рэзананс, бо адным з відэа бачна, што ў нейкі момант у руках аднаго з АМАПаўцаў апынуўся пісталет. У першы дзень судовага разгляду праз відэа-канферэнцсувязь заслухваліся паказанні супрацоўнікі АМАПа Вячаслаў Якавенка і Яўген Баранаў. 17 і 18 верасня дапытвалі сведак па справе.

Падрабязнасці па справе:

poleshchuk_87.jpg

 У Маладзечне пачаўся суд за патасоўку з сілавікамі, дзе АМАПавец дастаў пісталет. Рэпартаж

Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцягнеева абвінавачваюць у супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў, звязаным з ужываннем гвалту. Санкцыя ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса, па якім абвінавачваюць маладзечанцаў, прадугледжвае абмежаванне ці пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў. У дачыненні да Пяскова і Яўсцягнеева пасля іх трохсутачнага затрымання па гэтай крымінальнай справе былі абраныя меры стрымання ў выглядзе хатняга арышту. Крымінальную справу разглядае суддзя Вікторыя Паляшчук.

Узяты пад варту маладзечанец, якога судзяць за патасоўку з сілавікамі, дзе АМАПавец дастаў пісталет

18 верасня, на трэці дзень судовага разгляду ў Маладзечанскім судзе крымінальнай справы па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаным з ужываннем гвалту) была змененая мера стрымання аднаму з абвінавачаных — Паўлу Пяскову — з хатняга арышту на заключэнне пад варту. Такое рашэнне было ініцыяванае начальнікам Маладзечанскага РАУС праз дзяржабвінаваўцу па прычыне таго, што нібыта Пяскоў збіраецца з'ехаць за межы тэрыторыі Беларусі. Паўла Пяскова затрымалі прама ў зале суда.

Уладзіслаў Еўсцягнееў: Я ўтрымліваўся за АМАПаўца, каб падаючы, не ўдарыцца аб плітку

Владислав Евстегнеев возле суда. Фото: spring96.org
Уладзіслаў Еўсцягнееў каля суда. Фота: spring96.org

Уладзіслаў Еўсцягнееў адразу паведаміў, што з іншым абвінавачаным, Паўлам Пясковым, ён раней наогул знаёмы не быў.

На судзе Уладзіслаў Еўсцягнееў распавёў, што загадзя не ведаў, што ў горадзе плануюцца "нейкая акцыя ці мітынг". Уладзіслаў растлумачыў, што дом у яго размяшчаецца каля месца, дзе праходзіла акцыя 19 чэрвеня. Пачуў, як людзі пляскаюць у далоні і сігналяць машыны, таму ён пайшоў паглядзець, што там наогул адбываецца. Гэта ён сказаў сваёй маме, калі сыходзіў з дому. Калі выходзіў, яму бабуля каля пад'езда сказала таксама паглядзець, што там наогул адбываецца на скрыжаванні.

Калі прыйшоў, то ўбачыў, што на перакрыжаванні [адно з месцаў правядзення акцыі] знаходзіцца каля 30-40 чалавек, а таксама супрацоўнік ДАІ і белая міліцэйская машына. Ён прыйшоў да акцыі і зрабіў пару фотаздымкаў на тэлефон, а потым уключыў відэа, каб потым паказаць іншым, што адбываецца ў горадзе. Па словах Уладзіслава, ён яшчэ трохі пагаварыў на акцыі са сваім суседам пра каронавірус.

Пазней прыехалі на аўтобусе супрацоўнікі міліцыі і супрацоўнікі АМАПа. Міліцыянт з гучнагаварыцелем папярэджваў аб незаконнасці акцыі, але "яго ніхто не чапаў, ён спакойна хадзіў".

Калі частка людзей пайшла да парку, то Уладзіслаў пайшоў па супрацьлеглым баку дарогі. На пытанне дзяржабвінаваўцы, навошта ён пайшоў за людзьмі, Уладзіслаў адказаў, што ён запісваў відэа свайму брату, каб паказаць, што адбываецца ў горадзе. Частка людзей, супрацоўнікі міліцыі і АМАПу засталіся там, дзе першапачаткова былі.

Уладзіслаў распавядае, што ў той вечар дрэнна працаваў інтэрнэт. Дзяржаўны абвінаваўца спытаў, ці меў зносіны ён падчас акцыі з Мікалаем Алейнікам [яго потым пры затрыманні адбівалі ў сілавікоў]:

"Я не памятаю, каб ён там нешта крычаў ці скандаваў. Я ўбачыў, што ён наступіў на траву і сказаў, што гэта псаванне дзяржаўнай маёмасці і яе могуць аштрафаваць. Ён адышоў".

Уладзіслаў распавёў, што ў той момант, калі ён перапісваўся з кімсьці ў тэлефоне, то пачалі затрымліваць Алейніка [на той момант ён яшчэ не ведаў, што гэта быў менавіта Алейнік], але ён не бачыў, калі гэта пачало адбывацца.

"Я пачуў, што жанчына нейкая пачала крычаць. Я падбег да АМАПаўца [Баранава] і прыхапіў яго левай рукой пад левую руку, а другой рукой абхапіў за тулава".

— Гэта значыць прыабняць яго хацелі? — спытаў дзяржабвінаваўца Габруковіч.

— Ну як бы прытрымаць, — адказаў Еўсцягнееў.

"Там яшчэ былі людзі, і яны пайшлі на нас, то бок адбылося сутыкненне людзей і супрацоўнікаў міліцыі. У гэты момант я падвярнуў нагу, і мы пачалі падаць з супрацоўнікам АМАПу. Я ўтрымліваўся за АМАПаўца, каб падаючы, не ўдарыцца аб плітку. Мы ўпалі на плітку, перакуліліся полубокам на левы бок. Як упаў АМАПавец — я не памятаю, таму што я быў у стане ступару. Ззаду супрацоўнік адцягнуў мяне і крыкнуў "Ляжаць!" Я прыўзняўся, прыкрыў галаву рукой, каб не атрымаць і адышоў. У гэты час супрацоўнікі АМАПа селі ў машыну і з'ехалі".

На пытанне пракурора пра цялесныя пашкоджанні Уладзіслаў Еўсцягнееў растлумачыў, што ніякіх удараў ні АМАПаўцу Баранаву, ні супрацоўнікам міліцыі, ні людзям ён не наносіў.

"Я пабыў яшчэ пару хвілін там. Я быў у шоку, усяго калаціла. А потым пайшоў дадому".

Пра Паўла Пяскова, другога абвінавачанага, Уладзіслаў на судзе казаў мала, на самой акцыі яго не бачыў:

"Я ўбачыў потым на відэа, што ён упаў, яго кінулі, але асабіста не бачыў, хто яго кінуў".

Дзяржабвінаваўца Габруковіч спытаў у Еўсцягнеева, чаму той пабег да супрацоўніка АМАПу, калі той затрымліваў Алейніка.

"Ведаеце, калі жанчына закрычала, я не цяміў, я проста туды пабег. У мяне ў сям'і бацька з маці часта пілі і бацька прыкладваў руку. Уявіце, калі маленькае дзіця гадоў шасці стаіць перад маці і кажа: "Хочаш ударыць маці — стукні спачатку мяне". І ў мяне проста пстрыкнула і я пабег, нават не задумваючыся".

На пытанні дзяржабвінаваўцы, Еўсцягнееў сказаў, што ён разумеў, што супрацоўнік АМАПу выконвае свае службовыя абавязкі, але пра астатняе ён не думаў на той момант.

— А вы ведалі, што там мітынг адбываўся? — спытаў пракурор.

— Там ужо даведаўся, што гэта была акцыя салідарнасці ці як там яна называецца...

— А салідарнасць з чым?

— Шчыра сказаць, не памятаю.

Уладзіслава затрымалі ў пад'ездзе свайго дома на наступны дзень, калі той вяртаўся з аўтавакзала. Маці не сказаў, што яго затрымліваюць, таму што ў яе шызафрэнія. Сказаў, што пераначуе ў брата. У машыне супрацоўнікі міліцыі спыталі ў яго: "На чорта ты туды палез?"

Пракурор спытаў стаўленне да зробленага. Уладзіслаў адказаў:

"Раскайваюся, што прынёс шкоду не толькі фізічную. Наогул любыя дзеянні ў дачыненні да іншых непрымальныя. Супраць мяне на акцыі ніякіх дзеянняў здзейснена не было. У ізалятары не білі...

Я з дзяцінства гвалт не вітаў".

Адвакат спытаў, ці быў ён раней знаёмы з заканадаўствам аб масавых мерапрыемствах. Уладзіслаў Еўсцягнееў адказаў, што не.

— Ці справядлівыя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі на той момант былі? — спытаў адвакат.

— У той момант я думаў толькі пра тое, што жанчына крычала. Я падумаў, што жанчыне прычыняюць боль. Я падбег да супрацоўніка АМАПу, думаў адтуль. Хлопец [Алейнік] не крычаў, нейкіх лозунгаў не выкрыкваў, здымаў на тэлефон, — распавёў Уладзіслаў.

Еўсцягнееў удакладніў на судзе, што ён не ведаў на той момант, што наогул адбываецца затрыманне, а тым больш, затрыманне Алейніка. Пра гэта ён даведаўся пазней ад людзей, і ўбачыў на відэа.

Калі суддзя Вікторыя Паляшчук спытала, ці цягнуў Уладзіслаў на сябе супрацоўніка АМАПа Баранава, то сказаў, што не можа адказаць, таму што не можа зразумець, ці быў гэты ціск натоўпу ці нешта іншае. Але АМАПавец пры падзенні ўпаў на яго.

Суддзя на судовым пасяджэнні ўдакладняла, ад чаго менавіта і якім чынам падалі Еўсцягнееў і супрацоўнік АМАПа Баранава. Уладзіслаў на судзе патлумачыў, што прычынай падзення ўсё ж такі стаў ціск натоўпу і тое, што ён падвярнуў нагу.

"Я яго не тое, што цягнуў. Я за яго трымаўся, каб не ўпасці".

Суддзя зачытала пратакол допыту на следстве, бо маюцца супярэчнасці з нагоды кантакту з супрацоўнікам АМАПу.

Па пратаколе на следстве Еўсцягнееў казаў:

"Хацеў дапамагчы чалавеку, якога пасадзілі ў бус, мабыць, на мяне так падзейнічаў натоўп".

На судзе Еўсцягнееў растлумачыў, што думаў, што жанчыне каля машыны прычыняюць боль.

"Я не бачыў, каго канкрэтна заводзілі ў машыну: жанчыну ці мужчыну. Толькі потым даведаўся, што гэта быў Алейнік".

Уладзіслаў распавёў, што на дадзены момант пражывае са сваёй маці, у якой бестэрміновая інваліднасць, апекуе яе.

Допыт Уладзіслава Еўсцягнеева на судзе доўжыўся больш за гадзіну. Сёння пасля абеду будзе таксама дапытаны Павел Пяскоў, іншы абвінавачаны па справе.

Павел Пяскоў. Фота: spring96.org
Павел Пяскоў. Фота: spring96.org

"Вясна" працягвае сачыць за судовым працэсам.

Крыніца: У Маладзечне працягваецца разгляд справы за патасоўку з сілавікамі: дапытваюць абвінавачаных Фота Дапоўнена