Па стане на вечар 11 верасня беларускай праваабарончай супольнасцю палітычнымі вязнямі прызнаныя 58 чалавек. "Вясна" працягвае распавядаць пра людзей, якія пераследуюцца ў нашай краіне па палітычных матывах. Аднымі з такіх з'яўляюцца сябры 28-гадовы айцішнік Андрэй Пазняк і 29-гадовы прадпрымальнік Антон Бяленскі. Абодва хлопцы сканчвалі Ліцэй БДУ. Іх затрымалі розніцай у адзін дзень — 10 і 11 жніўня. Іх абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 293 Крымінальнага кодэкса («Масавыя беспарадкі»). Расказваем гісторыю палітвязняў Андрэя Пазняка і Антона Бяленскага.

29-гадовы прадпрымальнік Антон Бяленскі

Антон Бяленскі быў затрыманы 10 жніўня ў гасцініцы "Беларусь" на 17-м паверсе. Сілавікі ўварваліся ў нумар каля 19.00, калі той быў з дзяўчынай. Маладыя людзі знаходзіліся ў вокна, Антон гаварыў па тэлефоне з сябрам. Дзяўчына Антона Марыя распавяла tut.by, як адбывалася затрыманне:

"У нумар уварвалася 5-6 мужчын у грамадзянскай вопратцы, балаклавах і масках, кепках. Адразу пачалі крычаць, кінуліся на Антона і павалілі яго на падлогу. Я бачыла, як яго два разы ўдарылі нагой. Яго пыталіся, хто ён такі, што тут робіць, чым займаецца. Забралі яго тэлефон і пачалі патрабаваць пароль ад яго. 

Увесь гэты час яны абшуквалі нумар. Мне сказалі стаяць тварам да акна. Не ведаю, ці варта казаць, але мы былі ў адной ніжняй бялізне. І ў адзін момант я спытала, ці можна мне хоць надзець майку. Хтосьці мне адказаў: "Гэта мы яшчэ паглядзім", — прайгравае карціну дзяўчына. — Потым усё ж падышоў іншы чалавек, папрасіў прабачэння і сказаў мне апрануцца".

Потым Марыю з адным з людзей у цывільным адвялі ў прыбіральню. Што адбывалася ў гэты момант з Антонам, яна не бачыла. Дзяўчына мяркуе: менавіта для гэтага яе і "ізалявалі" ў прыбіральні.

Марыя распавяла, што Антон з'яўляўся членам штаба Віктара Бабарыка, а потым стаў валанцёрам ініцыятывы "Сумленныя людзі". Па словах Марыі, ён шмат часу прысвячаў валанцёрству.

"У "Сумленных людзей" Антон займаўся актыўнай валанцёрскай дзейнасцю. Дапамагаў з праектамі, пастаянна ўдзельнічаў у мерапрыемствах, дазволеных мітынгах, займаў актыўную грамадзянскую пазіцыю. Антон скончыў ліцэй БДУ, ён вельмі разумны малады чалавек. Уся яго дзейнасць у ініцыятыве "Сумленныя людзі" была накіравана выключна на карысць людзей — перадаць ім інфармацыю аб тым, як правільна галасаваць на выбарах і як не дапусціць фальсіфікацый. Лічу, што ў сваёй дзейнасці Антон ніколі не парушаў закон", — распавяла tut.by дзяўчына Антона.

Марыя з роднымі Антона даведалася пра яго месцазнаходжанне толькі праз чатыры дні. Увечары 14 жніўня стала вядома, што Антон Бяленскі затрыманы ў межах крымінальнай справы па масавых беспарадках па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса, яго змясцілі ў СІЗА КДБ.

Антона Бяленскага праваабаронцы прызналі палітвязнем 19 жніўня. Яны патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення з-пад варты палітвязня.

11 жніўня ў сваім доме быў затрыманы бацька Антона — Ігар Бяленскі. Яго ў статусе падазраванага па справе аб масавых беспарадках, як і сына, таксама змясцілі ў СІЗА КДБ. Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным. Пазней Ігара Бяленскага адпусцілі на волю па падпісцы аб нявыездзе. Ён застаецца падазраваным па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу.

8 верасня Антона перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага. Марыя распавяла "Вясне", што перапіска з Антонам падтрымліваецца, хоць не так хутка, як хацелася б.

Адрас: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220050

28-гадовы айцішнік Андрэй Пазняк

andrei_poznyak.jpg
Андрэй Пазняк. Фота прадастаўлена "Вясны" яго дзяўчынай Кацярынай

Сябра Антона Андрэя Пазняка затрымалі на наступны дзень пасля затрымання Бяленскага — 11 жніўня. Ён быў затрыманы на выхадзе з цырульні і дастаўлены ў Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Праз два дні, 13 жніўня, дзяржаўныя СМІ выпусцілі відэасюжэт "Беспарадкі ў Беларусі: затрыманыя некалькі каардынатараў акцый пратэсту — яны даюць паказанні", дзе паказалі Андрэя. Вось, што гаворыцца ў сюжэце:

"Затрыманыя некалькі каардынатараў ў сталіцы. Адзін са стратэгаў стыхійных акцый арганізаваў штаб на 17-м паверсе гасцініцы "Беларусь". Адтуль ён з трыма памочнікамі, як мяркуе следства, кіраваў сотнямі пратэстоўцаў. З падазраваным працуюць следчыя".

Гэтак жа, яны размясцілі "кадры аднаго з арыштаў". На відэа бачна, як сілавікі штурмуюць аўтамабіль, так званага, каардынатара масавых беспарадкаў. З прычыны таго, што відэа датавана 11 жніўня, то, верагодна, гаворка ідзе не пра Антона Бяленскага, якога затрымалі ў той самай гасцініцы на дзень раней.

snimok-ekrana-2020-09-11-v-16.49.22.png
Скрыншот з сюжэту АНТ, "кадр аднаго з арыштаў"

Пасля "кадра арышту" на экране з'яўляецца Андрэй Пазняк, дзе ён дае "прызнальныя паказанні". У сюжэце Андрэя прама не называюць каардынатарам мітынгаў. І ў сваёй прамове ён пра гэта не згадвае. Але на відэа прызнае, што "удзельнічаў у масавых беспарадках". Адвакат Андрэя Павел Піваварчык настойвае, што відэа было запісана пасля збіцця і пад ціскам. Ён пераказаў tut.by, як запісвалася дадзенае відэа:

"Пасля затрымання і дастаўлення ў будынак ГУБАЗіК МУС на вуліцы Рэвалюцыйнай, 3, некалькі чалавек яго збілі, потым уключылі відэакамеру і патрабавалі, каб ён прызнаўся, што арганізоўваў і ўдзельнічаў у масавых беспарадках. Здымалі чатыры разы, кожны раз удакладнялі, што ён павінен сказаць. У выніку запісалі нейкія ролікі і больш ніякіх дзеянняў з ім не праводзілі".

У гэты час да Андрэя адваката не дапускалі. Павел Піваварчык са сваім падабаронным падавалі скаргі на шэраг парушэнняў правоў Андрэя, у тым ліку па факце збіцця. Але суд пакінуў усе скаргі без задавальнення, гэта значыць пагадзіўся, што ўсё было ў адпаведнасці з заканадаўствам.   

Пасля допыту ў ГУБАЗіК Андрэя Пазняка змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна, але праз тры дні пасля допыту Андрэя было прынятае рашэнне аб яго вызваленні з ІЧУ. Аднак, калі ён разам са следчым паехаў за сваімі рэчамі ў СК Мінска, пасля 8 гадзін утрымання Андрэя там, яму абвясцілі, што ён арыштаваны і змешчаны ў СІЗА на Валадарскага.

«За гэты час нешта адбылося, чаму яго вырашылі не адпускаць», — лічыць адвакат Павал Піваварчык.

19 жніўня праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Андрэя палітвязням і запатрабавала неадкладнага яго вызвалення.

Як распавяла «Вясне» дзяўчына Андрэя Кацярына Мусіюк, Андрэй не з'яўляўся валанцёрам штаба Віктара Бабарыка:

"Па сутнасці, ён сядзіць за тое, што часта стэлефанаваўся са сваім сябрам, валанцёрам штабам [Антонам Бяленскім]"

Ператрус у доме Андрэя прайшоў 19 жніўня. Сілавікі канфіскавалі ў кватэры Андрэя толькі флэшку Кацярыны з фотаздымкамі. Са слоў Кацярыны, судмедэксперта, які павінен быў зафіксаваць пабоі ў Андрэя, дапусцілі толькі пасля трох тыдняў пасля збіцця.

На дадзены момант Андрэй Пазняк знаходзіцца ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага. У лістах сваёй дзяўчыне Андрэй піша, што не разумее за што ён там сядзіць.

Адрас: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220050

Крыніца: "Штаб на 17-м паверсе гасцініцы "Беларусь". За што дзяржава пераследуе дваіх сяброў?