У сераду, 2 верасня, супрацоўнікі міліцыі працягвалі затрымліваць студэнтаў і ўдзельнікаў акцый пратэсту ў розных гарадах Беларусі.
Мінск. Студэнты Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту працягвалі мітынгаваць і 2 верасня, нягледзячы на супрацьдзеянне амапу. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі некалькі студэнтаў. Сярод затрыманых – студэнт Віктар Кузьмінчук.
Сёння ўвечары ў сталіцы былі затрыманыя:
- Лілія Субач - на пр-це Незалежнасці
- Андрэй Лісаў - каля ГЦ "Рыга"
- Юрый Мельнікаў - каля ГЦ "Рыга"
- Мікалай Выдра - каля ГЦ "Рыга"
Паведамляецца пра затрыманне былых тэлевядоўцаў Дзяніса Дудзінскага і Дзмітрыя Кахно. Прычыны затрымання, а таксама, што за сілавыя ведамствы да гэтага спрычыніліся — пакуль невядома, паведамляе tut.by.
Віцебск. На акцыі пратэсту студэнтаў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі былі затрыманыя двое юнакоў, іншыя разышліся. Празвішчы пакуль невядомыя.
У Бабруйску затрымалі Кацярыну Корзун, якая збірала подпісы за адкліканне дэпутатаў. Каля 17-й гадзіны яна паспела патэлефанаваць сябру і сказаць, што яе вязуць у РАУС. Цяпер тэлефон дзяўчыны недасяжны.