Ілля Шапаткоўскі. Фота tut.by Правабаронцам стала вядома, што чацвёртага жніўня быў затрыманы адзін з кіраўнікоў ініцыятывы “Сумленныя людзі” Ілля Шапаткоўскі. Па папярэдняй інфармацыі, яго затрымлівалі супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследванняў у межах справы "Белгазпрамбанку".

Ілля Шапаткоўскі быў добрым знаёмым Віктара Бабарыкі. З першых дзён існавання штаба Бабарыкі ён прымаў актыўны ўдзел у яго працы і ўзначаліваў аддзел верыфікацыі подпісаў. Пасля адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта Ілля актыўна заняў удзельнічаў у працы ініцыятывы "Сумленныя людзі".  Таксама ў гэты дзень на допыт у ДФР вазілі дырэктарку ТАА "Хайв Проджект"(MolaMola і Ulej.by) Аліну Лісаковіч. Пасля допыту яе адпусцілі, але забралі мабільны тэлефон. У Іллі Шапаткоўскага допыт праходзіць пятага жніўня. 

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Нагадаем, што 18 чэрвеня былі затрыманыя вылучэнец у кандыдаты ў прэзідэнты Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард Бабарыка, які таксама кіраваў перадвыбарным штабам Віктара. Абодва знаходзяцца ў СІЗА КДБ, ім прад'яўленыя абвінавачванні.

Віктар і Эдуард Бабарыкі, а таксама затрыманыя сябры ягонай ініцыятыўнай групы Святлана Купрэева, Уладзімір Дудараў, Алена Карагачава і Дзмітрый Карака прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

Крыніца: Затрыманы адзін з кіраўнікоў ініцыятывы “Сумленныя людзі” Ілля Шапаткоўскі