Назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” пад час сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў адзначаюць рэзкае скарачэнне месцаў для правядзення перадвыбарнай агітацыі ў параўнанні з мінулымі выбарамі.
Аналіз месцаў для агітацыі будзе зроблены аналітыкамі кампаніі ў чарговай тыднёвай справаздачы, але ўжо зараз відавочна, што такія рашэнні мясцовых органаў улады сур’езна абмяжоўваюць як правы патэнцыйных кандыдатаў у Прэзідэнты, так і правы выбаршчыкаў, якія ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам маюць права ўдзельнічаць у агітацыі на сходах і мітынгах.
Тэндэнцыю па абмежаванні магчымасцяў для агітацыі каментуе эксперт кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Дзмітрый Чарных:
“З інфармацыі, якую мы ўжо зараз назіраем, бачна, што колькасць месц для правядзення агітацыі знізілася ў некалькі разоў у параўнанні з мінулымі выбарчымі кампаніямі. Тут варта нагадаць, што рашэнні аб месцах правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў былі прынятыя насуперак рэкамендацыям ЦВК. У Дапаможніку для тэрытарыяльных выбарчых камісій ЦВК рэкамендаваў у якасці месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў для ажыццяўлення перадвыбарчай агітацыі вызначаць любыя месцы, не забароненыя для гэтага”.
У Берасці толькі два месцы для правядзення перадвыбарчай агітацыі і яны нязручныя
Згодна з Кіруючымі прынцыпамі АБСЕ па свабодзе мірных сходаў варта забяспечваць правядзенне сходаў у зоне бачнасці і чутнасці аўдыторыі. Абмежаванні, якія не маюць разумнага абгрунтавання, з’ўляюцца адвольнымі і супярэчаць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека.
“Мы бачым, што ў асноўным месцамі правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў вызначаныя паркі, скверы і іншыя месцы адпачынку грамадзян. Але ў той жа час мы чуем ад прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, што масавыя мерапрыемствы не павінны замінаць грамадзянам адпачываць, гуляць з дзецьмі і г.д.,” – адзначае Дзмітрый Чарных. – Незразумела, чаму такія абмежаванні былі прынятыя менавіта сёлета. Логіка неабходнасці абмежаванняў у сувязі з эпідэміяй COVID-19 таксама не працуе, бо, па-першае, ніхто ж у прынцыпе не забараняе масавыя мерапрыемствы ў краіне, па-другое, самі выканкамы не спасылаюцца на гэта: проста прымаецца рашэнне, што сёлета месцы агітацыя менавіта такія без аніякага абгрунтавання.“
Што можна зрабіць?
Дзмітрый Чарных прапаноўвае накіраваць звароты ў тыя выканкамы, якія вызначылі нязручныя месцы для правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў, ці малую колькасць такіх месцаў, з просьбай пераглядзець дадзеныя рашэнні ў бок паляпшэння ўмоў для агітацыі.
Пад забаронай — амаль увесь горад. У Гародні агітаваць дазваляецца толькі ў двух парках
“Я прыгадваю практыку, калі па зваротах, у тым ліку назіральнікаў кампаніі, выканкамы мянялі свае рашэнні і пашыралі пералік месцаў для агітацыйных сходаў. Як будуць разгледжаны такія звароты сёлета цяжка сказаць, але лічу, што гэта варта рабіць, у тым ліку і камандам патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты” – кажа аналітык.
Па словах Чарныха, рашэнні выканкамаў аб месцах для правядзення агітацыйных масавых мерапрыемствах можна абскардзіць у судовым парадку. Так, згодна з арт. 59 Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні” рашэнні выканаўчых і распарадчых органаў, якiя абмяжоўваюць цi парушаюць правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян могуць быць абскарджаны ў суд у адпаведнасці з Грамадзянскім працэсуальным кодэксам, калі заяўніком з’яўляецца грамадзянін, і ў адпаведнасці з Гаспадарчым працэсуальным кодэксам, калі заўяніком з’яўляецца юрыдычная асоба, напрыклад палітычная партыя ці іншае грамадскае аб’яднанне.
“Такія скаргі, на мой погляд, варта падаваць. У сувязі з тым, што яны тычацца непасрэдна выбараў і рэалізацыі выбарчых правоў, то суды павінны разгледзець такія скаргі ў максімальна кароткія тэрміны (па аналогіі з тэрмінамі для разгляду скаргаў на дзеянні выбарчых камісій – на працягу пяці дзён). У іншым выпадку (калі суды будуць разглядаць такія скаргі ў звычайным парадку – на працягу 2 месяцаў) можна казаць аб неэффектыўнасці судовай абароны”, — мяркуе Дзмітрый Чарных.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Крыніца: Што можна зрабіць, каб месцаў для перадвыбарчай агітацыі стала болей? Каментарый эксперта