Віктар Скрундзік у Вярхоўным судзе У 9.30 раніцы 30 чэрвеня ў Вярхоўным судзе пачаўся разгляд апеляцыйнай скаргі жыхара Слуцкага раёна на смяротны прысуд Віктара Скрундзіка, а таксама на прысуды абвінавачаных па справе Валянціна Бушніна, Сяргея Захарчанка і Віталя Мяцежа.

Але толькі Віктара Скрундзіка даставілі ў суд, ён закаваны ў кайданкі і ў апрануты ў спецвопратку смяротніка з надпісам "ІМН" ("исключительная мера наказания" - заўв. рэд.).

Старшынствуе - суддзя Сяргей Кандрацьеў. Адзін з суддзяў у калегіі - Віктар Лаеўскі

На пасяджэнні прысутнічае каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакаранн" Андрэй Палуда, таксама журналісты.

На пачатку працэса Віктар Скрундзік заявіў хадайніцтва аб выкліку сведак - начальніка РУУС і іншых падсудных па справе - Валянціна Бушніна, Сяргея Захарчанка і Віталя Мяцежа. Па меркаванні падсуднага, сведкі маглі б распавесці, як адбывалася злачынства на самой справе. Але суд адхіліў хадайніцтва.

Абаронца Віктара Скрундзіка заявіла хадайніцтва аб неразгалошванні стану здароўя падабароннага. Гэтае хадайніцтва было задаволенае.

Суддзя Віталь Лаеўскі зачытвае абставіны справы і апеляцыйную скаргу, у якой Віктар Скрундзік указаў на неправільнасць абрання меры стрымання, парушэнні ў адносінах да яго працэсуальных нормаў беларускага заканадаўства і міжнародных нормаў падчас следства, просіць змяніць кваліфікацыю абвінавачвання і змягчыць прысуд.

Таксама Віктар Скрундзік хадайнічае аб прызначэнні псіха-фізіялагічнай экспертызы для падцверджання дакладнасці выкладзеных у скарзе довадаў. Указвае, што падчас следства ён сябе агаварыў пад ціскам, але не адзначыў хто менавіта ціснуў. Суд звярнуў увагу на той факт, што ў справе ёсць некалькі явак з павіннай Віктара Скрундзіка. Але падсудны заяўляе, што баяўся іншых фігурантаў справы, у прыватнасці Валянціна Бушніна, таму браў усю віну на сябе. 

Нагадаем, 6 сакавіка 2020 года Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Слуцку абвясціў прысуды "слуцкай бандзе". Трох жыхароў Слуцкага раёна абвінавацілі ў забойстве пенсіянераў і замаху на забойства 85-гадовай жанчыны.

Усе фігуранты справы былі прысуджаныя да вялікіх тэрмінаў зняволення, а Віктар Скрундзік да смяротнага пакарання.

Еўрасаюз асудзіў вынясенне смяротнага прысуду ў Слуцку

З заявай выступіў прэсавы сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Пэтэр Стано. 6 сакавіка ў Слуцку Мінскім абласным судом быў вынесены смяротны прысуд Віктару Скрундзіку.

Крыніца: Вярхоўны суд разглядае скаргу асуджанага да смяротнага пакарання Віктара Скрундзіка Фота Дапоўнена