Група падтрымкі каля Ганцавічскага суда. Фота з сайта БАЖ Як паведамляе БАЖ, у панядзелак у Ганцавічах (Брэсцкая вобласць) пачынаюцца суды над журналістамі выдання "Ганцавіцкі час" Аляксандрам Пазняком і Сяргеем Багровым. У суботу падчас асвятлення акцыі ў горадзе іх затрымала міліцыя, збіла, а пазней абвінаваціла ў непадпарадкаванні супрацоўнікам.

Увечары ў суботу і ўвесь дзень нядзелі галоўны рэдактар выдання Пётр Гузаеўскі прыкладаў намаганні да вызвалення калегаў, але міліцыя адмовілася гэта зрабіць.

Сёння пачынаюцца суды над журналістамі. Калегаў абвінавачваюць у непадпарадкаванні законным патрабаванням міліцыі (арт. 23.4 КаАП).

ГА "БАЖ" лічыць гэтыя абвінавачванні незаконнымі, паколькі міліцыя не мела права затрымліваць журналістаў, якія не парушалі закон, выконвалі сваю працу — вялі трансляцыю.

У Ганцавічах з самага ранку збіраюцца людзі, якія прыйшлі назіраць за судамі над затрыманымі журналістамі і ўдзельнікамі акцыі пратэсту.

10:00. У Ганцавічы прыбылі намеснік старшыні ГА "БАЖ" Алег Агееў, а таксама адвакаты журналістаў Таццяна Лішанкова і Вераніка Якаўлева. У міліцыі ім не далі азнаёміцца са справамі карэспандэнтаў. Адвакаты накіраваліся ў суд.

10:30. Адвакатам паведамілі, што журналістаў павезлі судзіць у Баранавічы. Незразумела чаму, іх справы будзе разглядаць суд Баранавіцкага раёна. Адвакаты едуць туды. Гэта 78 кіламетраў.

12:30. Журналіста Сяргея Багрова абвінавачваюць паводле двух артыкулаў КаАП - 23.34 (Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы). 

Ён разам з адвакатам знаёміцца з матэрыяламі справы.

Аляксандр Пазняк таксама абмяркоўвае стратэгію абароны ў судовым працэсе з адвакатам.

Інфармацыя будзе дапаўняцца

“Закавалі ў кайданкі, жорстка прэсавалі, пагражалі”. Затрыманых журналістаў “Ганцавіцкага часу” збілі

20 чэрвеня ў горадзе Ганцавічы, што ў Брэсцкай вобласці, каля цэнтральнай плошчы прайшоў невялікі ланцуг салідарнасці. Стрым з месца падзеяў вялі журналісты мясцовага незалежнага выдання “Ганцавіцкі час” Сяргей Багроў і Аляксандр Пазняк.

Крыніца: Затрыманых у Ганцавічах журналістаў павезлі ў Баранавічы Фота Дапоўнена