20 чэрвеня ў горадзе Ганцавічы, што ў Брэсцкай вобласці, каля цэнтральнай плошчы прайшоў невялікі ланцуг салідарнасці. Стрым з месца падзеяў вялі журналісты мясцовага незалежнага выдання “Ганцавіцкі час” Сяргей Багроў і Аляксандр Пазняк. Неўзабаве прыехалі міліцыянты і затрымалі каля дзесяці удзельнікаў, а затым і саміх журналістаў. Як распавёў "Вясне" галоўны рэдактар "Ганцавіцкага часу" Пётр Гузаеўскі, журналісты дагэтуль застаюцца ў мясцовым РАУС, хоць прайшло больш за тры гадзіны. Ён пабачыў у РАУСе Аляксандра Пазняка, якога ячшэ не дапыталі пасля трох гадзін з моманту затрымання.

Скрын са стрыму
Скрын са стрыму "Ганцавіцкага часу"

"У Аляксандра пад левым вокам відаць, што білі. Ён расказаў, што яго закавалі ў кайданкі, яго білі, жорстка прэсавалі, пагражалі — ну карацей, поўны набор. Што тычыцца аператара і рэдактара, які здымаў (Сяргей Багроў) – то сваякі затрыманых, якія сабраліся каля РАУС, казалі, што чулі праз адчыненае вакно, што адзін з міліцынтаў крычаў на яго — што гэта ўсё з-за цябе, што гэта ты трансліраваў гэтае відэа. Потым ён (аператар) крычаў — відаць яго таксама білі. Гэта людзі мне перадалі”.

Пётр Гузаеўскі напісаў заяву на імя начальніка міліцыі аб тым, што Багроў і Пазняк — штатныя супрацоўнікі газеты, зарэгістраванай у Міністэрстве інфармацыі, і яны выконвалі сваі абавязкі згодна з Законам аб сродках масавай інфармацыі і мелі права знаходзіцца ў месцы масавага мерапрыемства — таму іх затрымалі незаконна.

На дадзены момант журналісты і дзесяць затрыманых чалавек знаходзяцца ў Ганцавіцкім РАУС.

Крыніца: “Закавалі ў кайданкі, жорстка прэсавалі, пагражалі”. Затрыманых журналістаў “Ганцавіцкага часу” збілі