Дзень беларускай вайсковай славы ў Мінску 8 верасня 2017 года. Фота: #controlBY Удзельнікі акцыі папярэджання і мітынгу ў Мінску 8 верасня, прымеркаваных да Дня беларускай вайсковай славы, атрымалі выклікі ў аддзяленні міліцыі для складання пратаколаў правапарушэння па арт 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

У сацыяльных сетках паведамляецца, што сустаршыню аргкамітэта па стварэнні БХД Паўла Севярынца выклікалі на 15 верасня у Цэнтральнае РУУС Мінска ў сувязі з яго ўдзелам у сталічнай акцыі супраць беларуска-расейскіх вучэнняў „Захад-2017”, якая прайшла 8 верасня.

Выклікаюць у Цэнтральны райаддзел за акцыю 8 верасьня. Павестку даслалі бацькам у Віцебск. Каму яшчэ прыслалі - паведамляйце, сябры.

Павел Севярынец

У Савецкім РАУСе чакаюць 15 верасня актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Леаніда Кулакова і аднаго з фігурантаў справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” Сяргея Кунцэвіча. Іх прысутнасць таксама зафіксавалі на Кастрычніцкай плошчы сталіцы.

Tut.by паведамляе таксама, што выклік у міліцыю з нагоды ўдзелу ў акцыі прыйшоў яшчэ актывістцы Грэце Сабалеўскай. Апошняя разам з некалькімі іншымі ўдзельнікамі акцыі трымала вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Яна пазней была затрыманая на плошчы Якуба Коласа для праверкі дакументаў.Дарэчы, па інфармацыі mspring.online, суд Ленінскага раёна Магілёва 13 верасня прызнаў актывіста апазіцыі Станіслава Паўлінковіча вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі, якая прайшла 8 верасня ў Мінску. І аштрафавала яго ў адпаведнасці з ч. 1 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) на 20 базавых велічынь (460 рублёў). Актывіст быў затрыманы ўвечары 10 верасня па месцы працы ў Магілёве і ноч правёў у ізалятары часовага ўтрымання. 

Крыніца: Міліцыя закасала рукавы: будуць складаць пратаколы за Дзень вайсковай славы