З розных гарадоў Беларусі паведамляецца, што супрацоўнікі міліцыі працягваюць пераследваць актывістаў і ўдзельнікаў легальных пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў. Яўген Афнагель. Фота: euroradio.fm

Як паведамляе прэс-служба грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", каля дома палітыка Яўгена Афнагеля ў Мінску з вечара 2 чэрвеня дзяжураць невядомыя ў цывільным. Некалькі машын з людзьмі, падобнымі на супрацоўнікаў міліцыі, стаяць на бліжэйшых да дома скрыжаваннях і каля ўваходу. 

"Сёння прыкладна ў 21:00 я заўважыла тры аўтамабіля, у кожным з якіх знаходзілася па два-тры чалавекі. Яны стаяць да гэтага часу на вуліцах каля дома, дзе мы жывем, а таксама ля ўваходу ў двор. Такое адбываецца ўжо не ў першы раз. Раней тую ж самую карціну мы назіралі перад тым, як Яўгена выкрадалі і арыштоўвалі", — сказала жонка актывіста Кацярына Людвіг.

Раніцай 3 чэрвеня быў затрыманы Валянцін Троцкі. Як мяркуецца, ён знаходзіцца ў РУУС Фрунзенскага раёна. 

А 12:16 тэлеграм-канал "Шэры кот" паведаміў, што ў Полацку трое ў цывільным прыехалі дадому да блогера Алеся Круткіна.

Праваабаронцам "Вясны" стала таксама вядома, што ў РУУС Заводскага раёна Минска выклікаюць абаронцу Курапатаў Валерыя Рабцава нібыта за ўдзел у пікеце 31 траўня. Таксама за гэты пікет у Мінску на "Камароўцы" ў міліцыю выклікаюць Сяргея Мацкойця. Супрацоўнікі РАУС патэлефанавалі яму і сказалі, што прыедуць за ім на працу.

Інфармацыя ўдакладняецца і дапаўняецца.

Крыніца: Міліцыя працягвае пераследваць актывістаў па ўсёй Беларусі