Мінскія гарадскія структуры Партыі БНФ і Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” падалі скаргі ў Мінскі гарадскі суд з мэтай аспрэчыць рашэнні аб неўключэнні прадстаўнікоў партыі ў склад тэрытарыяльных выбарчых у сталіцы, піша narodny.org. Разгляд скаргі Партыі БНФ на фармаванне тэрытарыяльных камісій прызначаны ў Мінскім гарадскім судзе 22 траўня, на 16.00. Інтарэсы партыі ў судзе будзе прадстаўляць сябра Сойму Юрый Чавусаў.

Агулам ад БНФ у тэрытарыяльныя камісіі ў Мінску былі вылучаныя тры чалавекі: Зміцер Каспяровіч і Юрый Чавусаў ў Мінскую гарадскую камісію і Андрэй Церашкоў у Цэнтральную раённую камісію. Аднак, 19 траўня сумесным рашэннем прэзыдыуму Мінгарсавета і Мінгарвыканкама прадстаўнікам БНФ было адмоўлена ва ўключэнні ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісій. Увогуле, ніводнага прадстаўніка апазыцыі ў тэрытарыяльных камісіях не будзе (апроч БНФ вылучаліся яшчэ і прадстаўнікі БСДП “Грамада”, якім таксама адмовілі).

Партыя БНФ сцвярджае, што неўключэннем у склад камісіяў прадстаўнікоў партыі ўлады парушылі правы Партыі БНФ на ўдзел у выбарах, гарантаваныя часткай 1 арт. 21 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб палітычных партыях”. Абсалютнае дамінаванне ў складзе тэрытарыяльных камісіяў лаяльных уладам структураў парушае прынцып роўнасці ўмоваў для ўсіх кандыдатаў на выбарах. Згодна з артыкулам 34 Выбарчага кодэкса, суды павінныя разгледзець скаргі на фармаванне выбарчых камісіяў цягам трох дзён.

Як паведамляе намеснік старшыні Партыі БНФ Зміцер Салошкін, па ўсёй краіне ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі было вылучана 15 сябраў БНФ, аднак толькі аднаго прадстаўніка партыі ўключылі ў Віцебскую абласную выбарчую камісію. Агулам па ўсёй краіне ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі патрапілі толькі два прадстаўніка апазіцыі – па адным ад БНФ і БСДП “Грамада”.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: У выбаркамы Беларусі патрапілі толькі два прадстаўніка апазіцыі. БНФ ідзе ў суд