У Гародні дыстанцыйна фармаваліся тэрытарыяльна-выбарчыя камісіі. Ніхто з прадстаўнікоў дэмакратычных партый у іх не трапіў. Былі арганізаваныя відэатрансляцыі пасяджэнняў прэзідыумаў з гарвыканкаму і аблвыканкаму. Трансляцыя з гарвыканкаму, праўда, была арганізавана кепска – у канцы яна абарвалася, відаць з тэхнічных прычын. Галасаванне па 10 кандыдатурах ў ТВК Кастрычніцкага раёну Гародні назіральнікі і выбарцы не маглі ўбачыць. Фармальна гэта парушэнне выбарчага кодэксу, а менавіта артыкулу 13. Што характэрна, ніякіх тлумачэнняў з боку гарвыканкаму на афіцыйным сайце на гэты конт не з'явілася.

Скрыншот з пасяджэння па фармаванні Гарадзенскай ТВК
Скрыншот з пасяджэння па фармаванні Гарадзенскай ТВК

Што характэрна, запісы відэатрансляцый не прадугледжана абавязкова выстаўляць на афіцыйных сайтах. Такім чынам тыя, хто не змог убачыць прамой відэатрансляцыі, не мае магчымасці пазнаёміцца з тым, як фармаваліся камісіі. У некаторых раёнах такія запісы выстаўляюцца на афіцыйныя сайты.

Пасяджэнне ў гарвыканкаме вёў Мечыслаў Гой, а выступала начальнік аддзелу арганізацыйна-кадравай работы Сняжана Кучынская. На пасяджэнні абмяркоўвааліся дзелавыя якасці кандыдатур. Крытэрамі адбору быў «досвед працы ў ранейшых камісіях, камунікабельнасць, цвёрдасць у дасягненні пастаўленых мэтаў».

Трансляцыя па ўтварэнні абласных выбарчых камісій была добрай якасці. Вёў пасяджэнне старшыня аблвыканкаму Уладзімір Краўцоў. Выступаў начальнік аддзелу арганізацыйна-кадравай работы Валерый Клімовіч, які агучваў спісы. Як адзначане назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Раман Юргель, з усіх прысутных на пасяджэнні толькі адзін чалавек быў у масцы, сацыяльная дыстанцыя не выконвалася ў паловы тых, хто сядзеў.

Па Гарадзенскай вобласці ўсяго вылучалася ад дэмакратычных партый 4 чалавекі: ад БСДП Грамада - 1 у Гарадзенскую абласную, ад Партыі БНФ - 1 у ТВК Ленінскага раёну Гародні і 1 - у Слонімскую раённную, ад АГП - 1 у абласную, але пакет дакументаў ад АГП не прыйшоў у адпаведны тэрмін. Ніхто з прадстаўнікоў дэмакратычных партыў у склад ТВК у выніку не ўключаны.

Таксама ў склад абласной ТВК вылучаліся па адным прадстаўніку ЛДПБ і КПБ.

Усяго ў абласную ТВК вылучалася 12 чалавек ад праўладных, нібыта грамадскіх арганізацый (Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Беларускі саюз жанчын, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, ГА "Белая Русь", Фонд міру, ГА ветэранаў) 1 чалавек - шляхам збору подпісаў. Па словах Рамана Юргеля, у склад абласной ТВК увайшлі бюджэтнікі, галоўны ўрач, педагогі, дырэктары, якія «добрасумленна» працавалі на мінулых выбарах усіх узроўняў.

Прадстаўнік БСДП Грамада не быў уключаны ў абласную ТВК - супраць яго прагаласавалі ўсе прысутныя на пасяджэнні. Не прайшоў туды і прадстаўнік ЛДПБ. А вось прадстаўніца КПБ, дырэктарка кінатэатру "Красная звезда" Жэнні Баглык была абраная.

Такім чынам Гарадзенская абласная ТВК сфармаваная з 13 чалавек. Зацверджаны склад камісіі ў параўнанні з 2015 годам абнавіўся на 7 чалавек, а ў параўнанні з 2019 годам - на 4 чалавекі.

У склад 19 раённых ТВК вылучалася па 13 чалавек на 13 месцаў. А ў склад Гарадзенскай абласной - 16 чалавек на 13 месцаў, у Ленінскай і Кастрычніцкай ТВК вылучалася па 15 чалавек на 13 месцаў. Лішнія вылучэнцы былі дружна і ўпэўнена “адсеяныя” пры галасаванні.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: Гародня: ТВК сфармаваныя па звыклым сцэнары