Анатоль Чэшуін (у цэнтры). Фота: "Берасцейская Вясна". Суд Пінскага раёна і горада Пінска 19 траўня пакараў адміністрацыйным штрафам у памеры 20-ці базавых велічынь жыхара горада Анатоля Чэшуіна.

Гісторыя пачалася яшчэ 3 траўня, калі пінчукі сабраліся на гарадской набярэжнай для  „кармлення галубоў”. А нагодай для затрымання стала нібыта праверка рэжыму самаізаляцыі, які быццам бы мусіў выконваць Анатоль.

Але ў выніку яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі.

Судовы працэс над Анатолем Чэшуінам пачаўся яшчэ 8-га траўня, але двойчы пераносіўся з-за таго, што ў суд не з’яўляўся галоўны санітарны лекар Пінска, які ініцыяваў тую праверку. З пастановай суда Анатоль Чэшуін не згодны і выказаў намер абскардзіць рашэнне.

Аб падрабязнасцях гэтай непрыгляднай гісторыі распавяла “Берасцейская Вясна”.

3 траўня Анатоля затрымалі супрацоўнікі Пінскага ГАУС Д. Гузарэвіч і Е. Атока падчас “кармлення галубоў” на набярэжнай Піны, нібыта для проверка рэжыму самаізаляцыі. Аднак, Анатоль ніякіх дакументаў з нагоды сваёй "самаізаляцыі" не падпісваў. Міліцыянты прыцягнулі з сабой галоўнага санітарнага лекара Пінска В. Вашчука, які і выявіўся ўпаўнаважаным "правяральшчыкам" рэжыму самаiзaляцыi Анатоля.

У працэсе высвятлення прэтэнзій галоўнага санітарнага лекара Анатоля скруцілі вышэйназваныя супрацоўнікі і склалі на яго пратакол за знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап'янення і за брыдкаслоўе.

Аднак у судзе 8 траўня Анатоля сталі абвiнавачваць ужо ў “непадрарадкаванні законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі” (арт 23.4 КаАП).

Ужо на наступным судовым паседжанні 14 траўня ўчастковы Д. Гузарэвіч вымушаны быў прызнаць, што Чашуін не лаяўся матам і паводзіў сябе адэкватна. У судзе пры аглядзе відэа з відэарэгістратараў міліцыянтаў высветлілася, што нецэнзурна лаяліся як раз самі супрацоўнікі міліцыі.

На паседжанне 14 траўня не з'явіўся галоўны санітарны лекар Пінска Уладзімір Вашчук, той які прыдумаў гісторыю з парушэннем рэжыму самаізаляцыі (якога насамрэч не было).

А 15 траўня Анатолю Чешуіну патэлефанаваў невядомы, які нiбыта служыць у крымінальным вышуку і паведаміў, што Анатолю неабходна з'явіцца ў паліклініку, каб здаць тэст на каронавiрус. Потым па гэтым жа пытанні Анатолю тэлефанаваў участковы. Пасля яго быў званок  з паліклінікі. Анатоль ветліва ўсім адказаў, што прычын здаваць тэст у яго няма.

Тым не меней, 19 траўня незгаворлівага пінчука ўсёткі пакаралі штрафам.

Крыніца: Бяздарны дэтэктыў па-пінску: як судзілі Анатоля Чэшуіна