Мікалай Статкевіч каля Дома ўраду. Актывістка Вольга Нікалайчык паведаміла ў сацсетках аб тым, што ў 18-30 на прыступках уваходу ў Палату прадстаўнікоў (Дом ураду) “кандыдаты пратэсту” каманды Статкевіча, якім сёння адмовілі ў рэгістрацыі і іншыя кандыдаты з новай ініцыятыўнай групы дадуць прэсавую канферэнцыю.

Нагадаем, на паседжанні ЦВК 15 траўня 8-мі прэтэндэнтам з групы "кандыдатаў пратэсту" было адмоўлена ў рэгістрацыі.

ЦВК адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы блогеру Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ васьмі грамадзянам. Гэта Вольга Мікалайчык, Вікторыя Хатэнка, Валянцін Фралоў, Вераніка Мішчанка, Антаніна Вішнякова, Ігар Кляшчук, Аляксандр Грачышнікаў, Анжаліна Жалезнікава.

Палітык Мікола Статкевіч выйшаў з ЦВК пасля 18 гадзін разам з жонкай Марынай Адамовіч. Ён паведаміў, што Адамовіч падала дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы. Гэтак жа зрабіла і жонка незарэгістраванага сёння блогера Сяргея Ціханоўскага, 38-гадовая перакладчыца Святлана Ціханоўская.

Дом ураду 15 траўня 2020 года
Дом ураду 15 траўня 2020 года.

На плошчы сабралася некалькі дзесяткаў чалавек, шмат журналістаў.

Вольга Нікалайчык на прэс-канферэнцыі паведаміла пра стварэнне “жалезнай групы”. Па яе словах, гэта людзі, якім яны давяраюць і якія не адмовяцца ад свайго подпісу, калі ім пачнуць тэлефанаваць з ЦВК, альбо запалохваць нейкім чынам. Гэта пазбавіць ЦВК магчымасці спасылацца на несапраўднасць подпісаў, як гэта здарылася сёння, калі адмовілі ў рэгістрацыі васьмі кандыдатам пратэсту.

Прэсавая канферэнцыя завяршылася ў 19 гадзін. Супрацоўнікаў міліцыі не было.

На гэты час на сайце ЦВК змешчаная інфармацыя аб падачы на рэгістрацыю дакументаў ад 47 ініцыятыўных груп.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".

Крыніца: Сход на ганку ЦВК: Кандыдаты пратэсту стварылі “жалезную групу”