Ілюстрацыя са старонкі ў фэйсбуку "Яе правы" Праваабаронцы ва ўсім свеце занепакоеныя ростам хатняга гвалту ў перыяд каранціну, звязанага з эпідэміяй COVID-19. Людзі, змешчаныя ў замкнёную прастору, спаганяюць трывогу і раздражненне на сваіх блізкіх, перш за ўсё на жанчынах, дзецях і старых.

Так, паводле інфармацыі Рускай службы BBC, у кітайскай правінцыі Хубэй колькасць зваротаў у паліцыю за час каранціну вырасла ўтрая. У Францыі толькі за тыдзень каранціну колькасць выпадкаў хатняга гвалту падскочыла на 32%. У Аўстраліі цяпер людзі шукаюць у Google, што рабіць у сітуацыі хатняга гвалту, на 75% часцей. У Бразіліі – на 50%. У Даніі, Іспаніі, на Кіпры жанчыны таксама сталі часцей звяртацца па дапамогу.

Генеральны сакратар ААН заклікаў абараніць жанчын, якія апынуліся сам-насам з агрэсарам

Разам з лікам хворых COVID-19 расце і колькасць выпадкаў бытавога гвалту. На днях Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш выступіў з заклікам абараніць жанчын, якія апынуліся ў пастцы ва ўласным доме – сам-насам з гвалтаўніком.

"Шмат жанчын і дзяўчынак небяспека чакае там, дзе яны павінны адчуваць сябе ў поўнай бяспецы: ва ўласным доме", – сказаў ён.

Гутэрыш нагадаў, што ізаляцыя дома і каранцін – неабходныя меры стрымлівання пандэміі COVID-19. Але ў выніку жанчыны могуць апынуцца адзін на адзін з партнёрамі, схільнымі да агрэсіі.

"У той жа час медыцынскія ўстановы і паліцэйскія службы перагружаныя і адчуваюць недахоп персаналу. Праца мясцовых групаў падтрымкі паралізаваная або ім не хапае сродкаў. Некаторыя прытулкі для ахвяраў хатняга гвалту зачыненыя, іншыя перапоўненыя", – адзначыў Антоніу Гутэрыш.

Ён заклікаў усе ўрады ўключыць прадухіленне гвалту супраць жанчын і пакрыццё нанесенай ім шкоды ў свае планы барацьбы з COVID-19 ў якасці адной з асноўных задач. Гэта азначае, што неабходна павялічыць аб'ём фінансавання анлайнавых службаў падтрымкі і арганізацый грамадзянскай супольнасці і не адмаўляцца ад судовага пераследу тых, хто жорстка звяртаецца з жанчынамі.  

Генеральны сакратар таксама прапануе аб'явіць прытулкі для пацярпелых ад гвалту службамі жыццезабеспячэння і ўсталяваць у прадуктовых крамах і аптэках аварыйныя сістэмы паведамленні пра пагрозу гвалту.

"Важна стварыць для жанчын магчымасці звярнуцца па дапамогу, не падвяргаючы сябе небяспецы і не прыцягваючы ўвагі крыўдзіцеля", – падкрэсліў Антоніу Гутэрыш.

У Беларусі жанчыны падвергнутыя падвойным рызыкам

Арганізацыі, якія абараняюць правы жанчын у Беларусі, таксама занепакоеныя павелічэннем ўразлівасці жанчын па прычыне пандэміі і пагаршэння эканамічнай сітуацыі, якое яна выклікае.

Так, "Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын – Яе правы" на сваёй старонцы ў Фэйсбуку адзначае, што жанчыны падвергнутыя падвойным рызыкам па наступных прычынах:

"Яе правы" заклікаюць быць больш уважлівымі да сябе і навакольных у гэты няпросты час.

Прытулак для ахвяраў хатняга гвалту "Радзіслава" прапануе пацярпелым ад хатняга гвалту ва ўмовах пандэміі каранавіруснай інфекцыі дапамогу анлайн – у групах падтрымкі, а таксама індывідуальную псіхалагічную дапамогу. Пра гэта піша Радыё Свабода.

"Гэта магчымасць атрымаць дапамогу і падтрымку, распавесці аб сваіх перажываннях і складанасцях, дзе б вы ні знаходзіліся ў дадзены момант", – тлумачыць прадстаўніца "Радзіславы" Дар'я Царык.

Яна падкрэслівае, што праблема хатняга гвалту існуе ў сем'ях у любым сацыяльным кантэксце, а ў абставінах сацыяльнай ізаляцыі і агульнага павышэння ўзроўню трывогі ў грамадстве пацярпелым тым больш можа быць патрэбная дапамога.

Куды можна звярнуцца па дапамогу ў Беларусі?

"Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын – Яе правы" аказвае юрыдычную дапамогу пацярпелым ад дыскрымінацыі на працоўным месцы і ад хатняга гвалту па тэлефонах: +375 29 635 56 62 і +375 33 675 56 62.

Запісацца на анлайн-групу падтрымкі для жанчын і людзей з вопытам жаночай сацыялізацыі, пацярпелых ад гвалту і анлайн-кансультацыі псіхолага ад ГА "Радзіслава" можна праз анкету або па нумары экстранага засялення ў прытулак: +375 29 610 83 55.

Агульнанацыянальная Гарачая лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту ад МГА "Гендэрныя перспектывы": 8-801-100-8-801.

Крыніца: У свеце адзначаецца рост хатняга гвалту ў сувязі з пандэміяй каранавіруса Відэа