Мікалай Маслоўскі ў будынку суда. У судзе Фрунзенскага раёна працягваецца судовае паседжанне над блогерам Мікалаем Маслоўскім, якое раней было перанесена з 9 студзеня. Суддзя – Ала Скуратовіч.

Да матэрыялаў справы далучаныя дадзеныя ад аператара мабільнай сеткі МТС пра месцазнаходжанне Мікалая Маслоўскага: нібы той быў 20 снежня у 18.00 каля вуліцы д.Сердзіча ў Мінску, а ў 18.52 – каля Галоўпаштампт, што на праспекце Незалежнасці, і прымаў удзел у акцыі. Але Мікалай Маслоўскі сцвярджае, што ў гэты час знаходзіўся на вуліцы Прытыцкага, што можна лёгка праверыць па камерах відэаназірання. 

"Пасля гэтага я пайшоў у метро, даехаў да станцыі метро Купалаўскай. У 19.07 пачаў весці стрым. Такім чынам, я быў недалёка ад плошчы Кастрычніцкай, а ў пратаколе пазначана, што я нібы ў гэты час быў каля Галоўпаштампта",– растлумачыў на судзе Мікалай Маслоўскі.

Падчас судовага паседжання суддзя Ала Скуратовіч выдаліла аднаго з прысутных за тое, што ён трымаў свой тэлефон так, нібы той здымаў суддзю. У той жа час супрацоўнік Фрунзенскага РАУС Куранкоў вядзе відэаздымку наўпрост у залі паседжання.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Крыніца: Суд над блогерам Маслоўскім: у якасці доказу – дадзеныя ад аператара сеткі МТС