Акцыя ў Мінску 7 снежня 2019 года. Усё больш і больш беларусаў атрымліваюць позвы з’явіцца ў аддзяленні міліцыі для складання пратаколаў правапарушэнняў за ўдзел у мірных шэсцях 7 і 8 снежня супраць падпісання інтэграцыйных дакументаў з Расіяй.

“Увага, праваабаронцы!”, - напісаў у фэйсбуку Павал Севярынец. - Мікалай Казлоў і Вольга Кавалькова з Менску, Зьміцер Казлоў (Шэры Кот) з Барані, Андрэй Кудзік з Вілейкі атрымалі позвы пасля акцыі 7 снежня”.

Праваабаронцам таксама вядома, што ў Маскоўскі РАУС на панядзелак,16 снежня, выклікалі айца Вікенція (Кавалькова) за акцыю 7 снежня.

Паведамляе актывіст Леанід Кулакоў:  

“Мне таксама паўгадзіны назад тэлефанавалі з Маскоўскага РАУСа і запрашалі на 16 снежня прыйсці за пратаколам".

Вядома таксама, што позву атрымаў жыхар Віцебску Аляксей Прохараў, які размяшчаў заклікі да ўдзелу ў акцыях на выходных у фэйсбуку, Укантакце і Аднаклассніках.

Праваабаронцы ўдакладняюць інфармацыю яшчэ па некалькі ўдзельніках акцыі 7 снежня ў Мінску.

Крыніца: Схамянуліся. Удзельнікаў шэсця 7 снежня масава выклікаюць у міліцыю