Генеральны дакладчык ПАСЕ па пытанні адмены смяротнага пакарання Цітус Карлацян Камітэт па прававых пытаннях і правах чалавека Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы падрыхтаваў справаздачу аб адмене смяротнага пакарання ў краінах-сябрах Савета Еўропы і іншых дзяржавах, у тым ліку Беларусі.

У інфармацыйнай нататцы, падрыхтаванай генеральным дакладчыкам па пытанні адмены смяротнага пакарання Цітусам Карлацянам (Румынія), падкрэсліваецца, што ў цяперашні час 106 краінаў цалкам адмянілі смяротнае пакаранне. Сюды ўваходзяць практычна ўсе дзяржавы-сябры Савета Еўропы. Восем дзяржаваў адмянілі смяротнае пакаранне толькі за звычайныя злачынствы, у тым ліку Ізраіль і Казахстан, а дваццаць восем прадугледжваюць смяротнае пакаранне ў сваім заканадаўстве, але не выконваюць яго, у тым ліку Марока і Расійская Федэрацыя (усе гэтыя 36 дзяржаваў не прымяняюць смяротную кару на практыцы).

Гэта азначае, што агулам 142 дзяржавы (больш за дзве траціны свету) адмянілі пакаранне ў законе ці на практыцы. 56 дзяржаваў працягваюць выкарыстоўваць смяротнае пакаранне, у тым ліку ЗША, Японія, Беларусь і Палестына.

Дакладчык прыходзіць да высновы, што ў цэлым сусветная тэндэнцыя накіраваная на ўсё меншае і меншае прымяненне смяротнага пакарання. “Гэта тэндэнцыя да яго адмены яшчэ больш выразна назіраецца ў Еўропе, дзе яна актыўна прасоўваецца Саветам Еўропы, і ў суседніх краінах, але яшчэ шмат чаго трэба зрабіць”, бо ў краінах-сябрах Савета Еўропы па-ранейшаму чутныя заклікі да аднаўленне вышэйшай меры пакарання.

Паводле дакладчыка, Асамблея, якая дапамагла ператварыць Еўропу ў кантынент, вольны ад смяротнага пакарання, шляхам увядзення мараторыя на расстрэлы і абавязку адмяніць смяротнае пакаранне як умовы далучэння да Савета Еўропы, “не дапусціць ніякіх адступленняў па гэтым пытанні. Паўторнае ўвядзенне смяротнага пакарання было б проста несумяшчальным з сяброўствам дзяржавы ў Савеце Еўропы”.

Крыніца: Адмена смяротнага пакарання: Камітэт па прававых пытаннях ПАСЕ рыхтуе тэматычную справаздачу