Журналіст Аляксандр Баразенка ў судзе. Фота: baj.by У судзе Першамайскага раёну Менску 9 жніўня працягваецца суд над апэратарам «Белсату» Аляксандрам Баразенкам. Яго абвінавачваюць паводле артыкулу адміністрацыйнага кодэксу аб парушэньні аўтарскіх правоў пры выкарыстаньні брэнду «Белсат», паведамляе Радыё "Свабода"

Справа вакол таварнага знаку «Белсат» цягнецца амаль 5 гадоў. Паводле ўладальніка фірмы «БЕЛСАТплюс» Андрэя Белякова, тэлеканал парушае інтарэсы ягонага бізнэсу.

Алесю Баразенку пагражае штраф ад 460 да 1150 рублёў, а таксама канфіскацыя прафэсійнай тэхнікі тэлеканалу «Белсат», якую ў яго забралі падчас арышту 25 сакавіка 2017 году на акцыі пратэсту. 31 сакавіка ў офісах «Белсату» прайшлі ператрусы. Як высьветлілася, уся тэхніка тэлеканалу была ў налепках зь лягатыпам кампаніі. Тады ж, у СІЗА, на камэры Баразенкі невядома адкуль зьявілася і крыва наклееная налепка «Белсат».

Першае паседжаньне адбылося 3 жніўня. Тады судзьдзя Дзьмітры Цыкал адхіліў матэрыялы праверкі Баразенкі на паліграфе (дэтэктары хлусьні), зь якіх вынікае, што на відэакамэры апэратара ніякіх налепак «Белсат» не было. Было заяўлена хадайніцтва выклікаць у суд двух панятых, якія бачылі канфіскаваную тэхніку ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна з чужымі налепкамі, а таксама сьведку, які бачыў тэхніку 27 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёну, калі Баразенку прысудзілі 15 сутак за нібыта хуліганства і лаянку падчас акцыі 25 сакавіка.

Крыніца: Аляксандра Баразенку судзяць за «Белсат»