У Беларусі завершылася рэгістрацыя ініцыятыўных груп грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку асоб, прапанаваных для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў. Ініцыятыўныя групы змогуць ладзіць пікеты па зборы подпісаў да 7 кастрычніка. Распавядаем, каго часцей за ўсё будзеце бачыць на вуліцах сваіх гарадоў з падпіснымі лістамі.
Па дадзеных Цэнтральнай выбарчай камісіі, выказалі жаданне збіраць подпісы за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты 503 ініцыятыўныя групы. З іх было зарэгістравана 487. Дзве ініцыятыўныя групы перадумалі і адклікалі свае заявы. ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі 14 групам, больш за ўсё — у Магілёўскай і Мінскай вобласцях. Як адзначыла на пачатку выбарчай кампаніі Лідзія Ярмошына, старшыня ЦВК, звычайна самай частай нагодай для адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы з’яўляецца адсутнасць дабравольнасці пры фарміраванні такіх груп.
Больш за ўсё было зарэгістравана ініцыятыўных груп ад беспартыйных вылучэнцаў у кандыдаты, — каля 76%. Ад партый па ўсёй Беларусі вылучаецца 115 ініцыятыўных групп. Больш за ўсё подпісы за іх вылучэнне ў кандыдаты ў дэпутаты будуць ў горадзе Мінску — 39 ініцыятыўных групп. Хто гэтыя партыі?
Топ-5 самых прадстаўнічых партый па зборы подпісаў у Беларусі з’яўляюцца:
- Камуністычная партыя Беларусі — 28;
- Аб’яднаная грамадзянская партыя — 27;
- Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” — 17;
- Партыя “БНФ” — 16;
- Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — 11.
Як бачым, большасць ініцыятыўных груп па збору подпісаў прадстаўлены апазіцыйнымі партыямі.