Як паведамляе "Новы час", у суботу 17 жніўня ў цэнтры Брэста прайшоў пікет супраць новага закона аб прызыве ў войска. Пікет зладзілі анархісты, якія разгарнулі банэр з надпісам «Дэпутатаў — у войска, студэнтам — вучоба!» і звярталіся да жыхароў Брэста, заклікаючы пратэставаць супраць закона «аб адтэрміноўках».

«Па новым законе студэнты універсітэтаў, каледжаў могуць атрымаць адтэрміноўку ад войска толькі адзін раз. Усё гэта для таго, каб загнаць больш людзей на службу. Беларускае войска праславілася скандаламі, звязанымі з дзедаўшчынай, суіцыдамі, бескарыснымі працамі і пакалечанымі маладымі людзьмі. Войска — гэта месца, якое пазбаўляе чалавека годнасці і гонару. І хто сапраўды жадае марнаваць паўтара гады свайго жыцця, выконваючы бескарысныя заданні камандуючых? Хай паразіты-дэпутаты самі служаць колькі заўгодна, губяць сваё здароўе і адчуваюць на сабе ўсе любаты арміі.

Мы, анархісты, выступаем не толькі супраць новага закона, але і прызыву як такога. Для нас абарона дзяржавы, якая паразітуе на грамадзянах, з'яўляецца абсурднай. Галоўны вораг, ад якога народу варта сябе абараняць - гэта сама дзяржава», — сцвярджаюць пікетоўшчыкі.

Інфармацыі аб затрыманнях у сувязі з пікетам няма.

Нагадаем, 26 чэрвеня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі разгледалі ў першым чытанні законапраект пра адтэрміноўку ад войска. Пра гэта паведаміла дэпутат Ганна Канапацкая. А ужо 28 чэрвеня парламентарыі прынялі законапраект у другім чытанні. 

Закон зваротнай сілы не мае: новаўвядзенні не закрануць тых, каму да моманту яго ўступлення ў сілу споўніцца 27 гадоў. Але калі на момант уступлення дакумента ў сілу малады чалавек ужо атрымаў адну адтэрміноўку ад войска для атрымання/працягу адукацыі, то права на другую адтэрміноўку ў яго ўжо не будзе.

Улёткі, збор подпісаў і пікеты. Што рыхтуюць праціўнікі закона “Аб адтэрміноўках"?

Чыноўнікі фактычна праігнаравалі петыцыю супраць закона “Аб адтэрміноўках", якая сабрала 10 тысяч подпісаў. Аднак абыякавасць чыноўнікаў не спыніла неабыякавых грамадзян. Яны пачалі актыўна каардынавацца праз інтэрнэт і разам планаваць шэраг актыўнасцяў, каб ўсё ж дамагчыся таго, каб іх меркаванне было пачута.

Крыніца: Анархісты ў Брэсце зладзілі пікет супраць «закона аб адтэрміноўках»