Нягледзячы на тое, што губернатар Берасцейшчыны Анатоль Ліс на мінулым тыдні прыпыніў будаўніцтва акумулятарнага завода, у нядзелю 16 чэрвеня неабыякавыя грамадзяне зноў сабраліся на цэнтральнай плошчы Брэста. Пратэстоўцы кажуць, што будуць выходзіць “карміць галубоў”, пакуль завод не закрыюць канчаткова. Па падліках праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, гэты разам на плошчу прыйшло каля 300 чалавек. Удзельнік сустрэчы з Анатолям Лісам Алег Вялаў распавёў прысутным пра новыя факты парушэнняў пры будаўніцтве і пусканаладачных працах (у прыватнасці пра несанкцыянаваныя слівы атрутных вадкасцяў у ліўнёвую каналізацыю і іншыя сістэмы), а таксама пра абяцанні кіраўніка горада разабрацца ў парушэннях. 

akcia16063.jpg
Шэсце ў Брэсце пасля нядзельнага кармлення галубоў. 16.06
akcia16064.jpg
Алег Вялаў распавядае берасцейцам пра сустрэчу з губернатарам

Удзельнікі нядзельных акцый пратэста супраць завода АКБ не збіраюцца спыняць “кармленні галубоў”, шэсці і “свінцовую варту”, пакуль завод не закрыюць цалкам.

Удзельнікі “Свінцовай варты” (кругласутачнага дзяжурства каля завода АКБ) выказалі падзяку выпадковым мінакам, якія адмыслова купляюць актывістам на варце ваду і марозіва.

“Гэткі клопат і павага з боку берасцейцаў надхняе нас на працяг барацьбы. Мы на правільным шляху, сапраўдная крыніца ўлады - гэта народ”, - кажуць актывісты.

Экалагічны супраціў не спыняецца і ў Светлагорску. Мясцовыя актывісты кажуць, што з 12 па 14 чэрвеня светлагорскі завод беленай цэлюлозы выкідваў шкодныя рэчывы, у горадзе вельмі кепска пахла.

svetlagorsk1606jpg.jpg
Збор подпісаў у Светлагорску

І таму ў нядзелю актывісты зладзілі збор подпісаў пад лістом да старшыні райвыканкама Дзмітрыя Алейнікава з патрабаваннем правесці агульнагарадскі сход і на ім кардынальна вырашаць праблемы, звязаныя з дзейнасцю гэтага завода.

Крыніца: Брэст і Светлагорск: экалагічны супраціў не спыняецца Фота