Актывіст Мікалай Дзядок абскардзіў з дапамогай юрыстаў праваабарончага цэнтра "Вясна" ў Вярхоўны Суд штраф у памеры 10 базавых велічыняў па ч.1 ст.17.10 КаАП за размешчаныя публікацыі ў Facebook, якія суд палічыў за малюнкі, якія дэманструюць нацысцкую сімволіку і атрыбутыку. Фота прадастаўлена Мікалаем Дзядком

Нагадаем, актывіста прыцягнулі да адказнасці за размешчаныя на сваёй старонцы ў фэйсбуку фатаграфіі:

«Паколькі я з'яўляюся журналістам газеты «Новы час», мне было цікава з дапамогай публікацый на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Facebook» атрымаць зваротную сувязь ад маіх чытачоў. Размешчаныя мной тры публікацыі тычыліся таго, што я высмейваў у іх ідэалогію нацызму і таталітарызму, а таксама прапагандысцкія тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца беларускімі ўладамі і паказанымі па дзяржаўным тэлебачанні. Падобным чынам я выказваў сваё меркаванне і рэалізоўваў права на распаўсюд інфармацыі.

Я настойваю на тым, што гэтыя выявы размяшчаліся не ў мэтах прапаганды ідэй нацыянал-сацыялізму (нацызму), а, наадварот, у мэтах палітычнай сатыры на дадзеныя ідэі», — звярнуўся Мікалай Дзядок да Вярхоўнага Суду.

Аднак суддзі Вярхоўнага Суда прыйшлі да высновы, што віна актывіста па ст.17.10 КаАП даказаная цалкам.

«Вынікі вывучэння справы паказалі, што вынесеныя пастановы з'яўляюцца законнымі і абгрунтаванымі», — адказаў Вярхоўны Суд за подпісам намесніка Старшыні Р. Аніскевіча.

Юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка лічыць, што ў дадзеным выпадку было незаконна абмежавана права на свабоду выказвання меркаванняў Мікалая Дзядка, а справа вырашына без уліку нормаў міжнародных дагавораў, якія падлягаюць прымяненню:

Аляксей Лойка

«Суд не абгрунтаваў для абароны якіх каштоўнасцяў было неабходна абмежаванне ў выглядзе адміністрацыйнай адказнасці, і наколькі дадзенае абмежаванне суразмерна размяшчэнні ў сетцы Інтэрнэт публікацый і малюнкаў, якія па сваёй сутнасці асуджаюць нацызм і камунізм».

Крыніца: Вярхоўны суд разгледзеў першую справу за карыкатуры