21 жніўня споўнілася 50 гадоў з моманту ўвода войскаў краін сацыялістычнага блоку ў Чэхаславакію. Гэта стала сканчэннем “Пражскай вясны” – кароткага перыяда дэмакратычных рэформаў і лібералізацыі ў ЧССР. Разам з тым трагічныя падзеі 1968 года не пакінулі абыякавымі савецкіх дысідэнтаў, якія, разумеючы магчымыя негатыўныя наступствы, не пабаяліся правесці акцыі нязгоды і салідранасці.   

Праваабаронца Алесь Бяляцкі разважае пра тую ролю, якую адыгралі падзеі 1968 года ў працэсе станаўлення праваабарончага руху, і пра супрацьстаянне каштоўнасцяў правоў чалавека і таталітарных традыцый, якое цягнецца і дагэтуль.

“Сёння вельмі памятны дзень для нашай гісторыі і для праваабарончага руху ў прыватнасці. 50 гадоў таму СССР, у склад якога ў той час уваходзіла і Беларусь, увёў войскі ў Чэхаславакію. Гэта было брутальнае падаўленне дэмакратычных памкненняў чэхаў і славакаў лагерам камуністычных краін на чале з СССР. На жаль, беларусы таксама былі вымушаны браць удзел у гэтай агрэсіі — тыя, хто праходзіў на той час службу. Увод войскаў краінаў сацблоку адназначна ацэньваецца як вайсковае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Чэхаславакіі. Акупацыя прывяла да ўзмацнення рэакцыі ў самой Чэхаславакіі, сотні тысяч людзей былі вымушаны з’ехаць з краіны, больш за сто чалавек загінулі падчас пратэстаў супраць увядзення гэтых войскаў.

Больш за тое, увод войскаў меў яшчэ больш шырокія наступствы. Можна сказаць, што ілюзіі мадэрнізацыі ладу, які быў пабудаваны ў СССР і які будаваўся ў краінах сацыялістычнага лагера, на гэтым скончыліся. Бо марай чэскага грамадства было трансфармаваць аўтарытарную сістэму і пабудаваць, як казалі чэшскія кіраўнікі, “сацыялізм з чалавечым абліччам”, але гэта ўсё скончылася катастрофай. Спадзяванні дэмакратычна настроенай часткі людзей, якія жылі з Савецкім Саюзе, былі таксама ўтаптаныя савецкімі танкамі ў бруд”.

Але тыя падзеі выклікалі і адваротную рэакцыю. Пасля таго, як у СССР стала вядома пра ўвод войскаў у Чэхаславакію, у краіне было багата выпадкаў выказвання салідарнасці. Самы вядомы з іх - гэта “дэманстрацыя семярых”, якую зладзілі праваабаронцы ў Маскве літаральна праз некалькі дзён пасля ўварвання танкаў у Прагу. Сем чалавек з плакатамі ў падтрымку дэмакратычных зменаў і з патрабаваннем прыбраць рукі ад Чэхаславакіі выйшлі на Чырвоную плошчу, а дакладней на Лобнае месца – туды, дзе яшчэ ў Сярэднявеччы праходзілі публічныя кары. Але праз некалькі хвілін з пачатку акцыі яны былі брутальна затрыманы. Аднаму з удзельнікаў падчас затрымання нават выбілі зубы. Неўзабаве двое з гэтай сямёркі трапілі ў псіхіятрычную лякарню, яшчэ дваіх пасадзілі ў турму, а астатнія трое былі пакараныя ссылкай.

“Так, улада не магла дараваць ім такі смелы і мужны ўчынак. Але гэты выступ пратэсту быў вельмі важны для праваабарончага руху, які ў той час існаваў у СССР. Ён застаецца важным і для нас як паказальнік асабістай грамадзянскай мужнасці праваабаронцаў, якія дзейнічалі з СССР 50 гадоў таму ў значна больш складаных умовах, чым працуем разам мы. Яны адназначна ведалі, што будуць пераследвацца і будуць рэпрэсаваныя, але, тым не менш, яны не маглі маўчаць. Яны выратавалі гонар дэмакратычна настроенай часткі тагачаснага грамадства ў СССР.

Іхні, здавалася б безнадзейны ўчынак высока ацанілі самі чэхі і славакі, пра што выказваўся дэсідэнт і будучы прэзідэнт Вацлаў Гавэл. Дарэчы, нягледзячы на трагічныя падзеі 1968 года, не прайшло і дзесяці гадоў, як Гавэл разам з сябрамі і палечнікамі абвясціў пра стварэнне Хартыі’77, якая выражала далейшае імкненне чэхаў і славакаў да дэмакратыі, шанавання правоў чалавека і змагання з агрэсіўнай сістэмай камуністычнага рэжыму”, - разважае пра важную ролю той акцыі салідарнасці Алесь Бяляцкі.

Аднак акрамя “дэманстрацыі семярых” былі і іншыя спробы выказаць салідарнасць з чэшскім і славацкім народамамі, у тым ліку і на тэрыторыі Беларускай ССР. Напрыклад, заведуючы гаспарадкай 49-ай школы Мінска Мікола Якімовіч і лабарант гэтай школы Робэрт Люхцікаў уночы 22 жніўня расклеілі ды раскідалі па цэнтру сталіцы значную колькасць улётак з тэкстам пратэсту супраць савецкай акупацыі Чэхаславакіі. У выніку іх не знайшлі. Менш пашанцавала гарадзенскім студэнтам Аляксандру Раманаву і Сяргею Каленчанке, якія ў знак пратэсту супраць дзеянняў савецкіх войскаў размалёўвалі і разрывалі патрэты правадыроў пралетарыята, што віселі ў будынку педагагічнага інстытута. Праз некалькі такіх акцый іх затрымалі і асудзілі на чатыры і тры гады зняволення.

Усе гэтыя падзеі пяцідзесяцігадовай даўніны яскрава паказалі палярнасць дэмакратычных каштоўнасцяў і каштоўнасцяў таталітарных сістэм. Але пытанне супрацьдзеяння таталітарным традыцыям застаецца актуальным па сённяшні дзень, упэўнены Алесь Бяляцкі. Бо гэтыя традыцыі Савецкага Саюза ў вялікай ступені былі запазычаныя цяперашнім кіраўніцтвам як Расіі, так і Беларусі.

“Тое, што адбылося ў 2014 годзе - анэксія Расіяй Крыма, трагедыя, якая адбылася на нашых вачах, ды іншыя агрэсіўныя крокі Расіі паказваюць, што, на жаль, дух і традыцыі таталітарызма вельмі жывучыя на абшарах СССР і ў прыватнасці ў Расіі. Мы, беларусы, мусім рабіць з гэтага высновы. Мы ўсё ж такі змаглі пазбегнуць багата якіх войнаў за апошнія 25 гадоў: вайны ў Чачні, у Грузіі і Сірыі, ды іншых канфліктаў, у якіх Расія актыўна ўдзельнічае як на постсавецкіх прасторах, так і ва ўсім свеце. Разам з тым ідэалы дэмакратыі, правоў чалавека, пра якія тады выказаліся чэшскі і славацкі народы, а таксама савецкія дысідэнты, для нас пакуль што застаюцца надзённымі маякамі, на якія мы мусім раўняцца і ў накірунку якіх мы мусім ісці. Падзеі 1968 года нагадваюць нам пра важнасць салідарнасці і падтрымкі, якія так патрэбны Беларусі і цяпер”, - падсумоўвае праваабаронца.

Крыніца: Алесь Бяляцкі: “Падзеі 1968 года нагадваюць нам пра важнасць салідарнасці і падтрымкі, якія так патрэбны Беларусі і цяпер”.