06.09.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, заявы Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

6 верасня 2024 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, атрымаўшы, сабраўшы і прааналізаваўшы інфармацыю пра крымінальны пераслед уладамі Беларусі іншадумцаў і ўдзельнікаў мірных сходаў падчас і пасля правядзення выбараў прэзідэнта Беларусі 2020 года, практыку вынясення і выканання прысудаў у дачыненні да іх, прававое становішча асуджаных паводле так званых "экстрэмісцкіх" артыкулаў Крымінальнага кодэкса, адзначаем наступнае:

Гарантаваная свабода мірных сходаў і асацыяцый, а таксама кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання: гэтае права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць любую інфармацыю ды ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці з дапамогай друку або мастацкіх формаў выказвання, ці іншымі спосабамі згодна з уласным выбарам; у сферу ўжывання гэтага пункта ўключаная нават такая форма выказвання меркаванняў, якая можа разглядацца як глыбока абразлівая, але пры гэтым яе выкарыстанне можа падпадаць толькі пад абмежаванні, вызначаныя законам і неабходныя ў дэмакратычным грамадстве для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб; для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя або маральнасці насельніцтва.

Тым не менш, калі дзяржава-ўдзельніца Пакта вызначае абмежаванні на ажыццяўленне правоў і свабод, гэтыя абмежаванні не мусяць ставіць пад пагрозу сам прынцып гэтага права.

Аднак улады Беларусі адвольна заключалі пад варту, асуджалі ў парушэнне прынцыпу вяршэнства права і цяпер працягваюць пераследваць у крымінальным і адміністрацыйным парадку за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцыі паводле розных артыкулаў Крымінальнага кодэкса: за абразу А. Лукашэнкі, суддзяў, службовых асоб, паклёп на А. Лукашэнку і службовых асоб; за здзек з дзяржаўных сімвалаў, хуліганства і вандалізм, за ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, за падтрымку пратэсных ініцыятываў ды інш. Пра факты гэтага палітычна матываванага пераследу часта становіцца вядома толькі напярэдадні або пасля вызвалення чарговай ахвяры рэпрэсій, у сувязі з чым праваабарончая супольнасць не выступала з заявай аб прызнанні фігурантаў такіх спраў палітычнымі зняволенымі.

Улады не прызнаюць сваёй адказнасці за адвольнае пазбаўленне волі грамадзян у сувязі з ажыццяўленнем імі правоў і свабод, прадугледжаных абавязковымі для Беларусі міжнароднымі дамовамі, працягваюць адвольна пераследваць рэпрэсаваных нават пасля іх вызвалення, уціскаючы іх у правах унясеннем у пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, што маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

Праваабарончай супольнасцю былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі многія з пратэстоўцаў ды іншадумцаў у той час, калі яны былі пазбаўленыя волі, і сабраныя звесткі пра асуджаных да розных відаў пакарання, звязаных і не звязаных з пазбаўленнем волі, у дачыненні да якіх часта абіралася мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту або хатняга арышту.

У адпаведнасці з прынятым праваабарончай супольнасцю Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычны зняволены – асоба, пазбаўленая волі, калі мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

Асуджаныя і зняволеныя пад варту выключна за выказванне меркавання без прыкметаў наўпроставых заклікаў да гвалту або несімвалічнаму знішчэнню маёмасці, не звязанае з несімвалічным знішчэннем і пашкоджаннем маёмасці ў мэтах выказвання меркавання, а таксама за ўдзел у мірных сходах цалкам і безумоўна адпавядалі названым крытэрам у перыяд пазбаўлення іх волі. Іх вызваленне з-пад варты, хатняга арышту або пасля адбыцця пакарання пакідае нявырашанымі пытанні аб пераглядзе іх прысудаў з мэтай поўнай адмены, іх рэабілітацыі і кампенсацыі ім нанесенай адвольным асуджэннем шкоды.

Нам вядомыя імёны і абставіны спраў наступных людзей, якія ў пакаранне за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў і свабоды сходаў былі пазбаўленыя волі: заключаныя пад варту, хатні арышт, асуджаныя да працяглага адміністрацыйнага арышту, да пазбаўлення або абмежавання волі, арышту, а ў цяперашні час вызваленыя без рэабілітацыі і кампенсацыі нанесенай шкоды: Уладзіслаў Фёдараў, Надзея Пташынская, Дзяніс Котаў, Святлана Котава, Валерый Іўчын, Міхаіл Пішчала, Андрэй Сямчук, Таццяна Палонская, Аляксей Палюховіч, Наталля Харытонава-Крыжэвіч, Андрэй Савін, Рамуальда Дэкола, Павел Цімашэнка, Уладзімір Матырка, Таццяна Мініна, Ганна Мароз, Сяргей Мыц, Валерый Нямкевіч, Ігар Несцяровіч.

Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў, права на асацыяцыю і свабоды выказвання свайго меркавання ў адносінах да абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ды іншых грамадска-значных падзей.

У дачыненні да пералічаных былых палітвязняў мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладнага перагляду іх крымінальных спраў з мэтай адмены вынесеных прысудаў, іх поўнай рэабілітацыі з кампенсацыяй усіх відаў шкоды, нанесенай адвольным асуджэннем і пазбаўленнем волі, а таксама патрабуем неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі ПЭН;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Прававая ініцыятыва;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

Lawtrend.

Крыніца: Патрабуем рэабілітацыі 19 былых палітычных зняволеных