04.03.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 2-4 сакавіка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Сілавікі затрымалі як мінімум чатырох жыхароў Бярозы

Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту. Аднаму з затрыманых апранулі шалік хакейнага мінскага "Дынама" падчас запісу "пакаяльнага відэа" ад 4 сакавіка. 

ГУБАЗіК і САХР затрымалі 54-гадовага мінчука, які нібыта "адмаўляў генацыд беларускага народу"

Паводле МУС, мужчына ў 2020 годзе стварыў і адміністраваў групу ў сацыяльнай сетцы, дзе размяшчаў матэрыялы "пратэснай тэматыкі".

"Разам з гэтым у сваіх публікацыях фігурант адмаўляў генацыд беларускага народа з боку нямецкіх захопнікаў падчас Вялікай Айчыннай вайны, рэабілітуючы фашыстаў і прыпісваючы савецкім грамадзянам злачынствы, учыненыя акупантамі", — сцвярджае МУС.

Следчымі распачатыя крымінальныя справы за адмаўленне генацыду беларускага народа, арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, абразу Лукашэнкі, рэабілітацыю нацызму.

Былы палітвязень Андрэй Кудзік не выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту

Андрэй Кудзік. Фота з Facebook
Андрэй Кудзік

Пра гэта стала вядома 2 сакавіка. 

Нагадаем, актывіст з Вілейкі перастаў выходзіць на сувязь 15 лютага. Пазней стала вядома, што Кудзік знаходзіцца ў мясцовым ІЧУ, дзе адбывае 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Днямі ён павінен быў выйсці на волю.

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу беларусаў 2-4 сакавіка