21.12.2023 Тэгі: суды, грамадства, ААН, палітвязні, міжнародная салідарнасць праваабаронцаў, справа Вясны Асобы: Алесь БяляцкіАлесь Бяляцкі Міжнародная юрыдычная група лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, палітзняволенага праваабаронцы "Вясны" Алеся Бяляцкага падала петыцыю ў Працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях.

Працоўная група выносіць рашэнні ў справах аб адвольным затрыманні, якія ацэньваюць, ці адпавядае затрыманне чалавека міжнародна-праўным абавязанням дзяржавы. У групу ўваходзяць пяць юрыстаў з розных краін. Калі затрыманне чалавека прызнана незаконным, Працоўная група заклікае да яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення.

Джарэд Генсэр, галоўны міжнародны адвакат Бяляцкага, які працуе на грамадскай аснове, — аўтар кнігі «Працоўная група ААН у адвольных затрыманнях: каментары і кіраўніцтва да практыкі». За сваю кар’еру ён перадаў у Працоўную групу 50 справаў. Вядома, што ён ніколі не прайграваў. Каментуючы падачу петыцыі ў справе Алеся Бяляцкага Працоўнай групе, Генсэр адзначыў:

«Для мяне вялікі гонар прадстаўляць Алеся Бяляцкага, які цягам дзесяцігодздзяў нястомна змагаўся за правы чалавека, дэмакратыю і абарону грамадзянскай прасторы ў Беларусі. Яго выпадак сімвалізуе страх, які беларускі дыктатар Аляксандар Лукашэнка адчувае перад сваім народам, а таксама тое, як сістэматычна ён абезгалоўлівае кожную рэальную або ўяўную пагрозу свайму праўленню. Гэты пэрыяд тэрору паказвае баязлівасць Лукашэнкі і яго глыбокую слабасць. Ён, несумненна, баіцца свайго народу. Мы не здамося, пакуль Алесь і ўсе палітвязні не будуць вызваленыя». 

У прэсавым рэлізе Міжнародная юрыдычная група Алеся Бяляцкага пералічыла аргумэнты юрыдычнага і палітычнага характару:

Юрысты прызнаюць, што Бяляцкі і іншыя лідары «Вясны» былі зняволеныя «ў адплату за іхнюю праваабарончую дзейнасць». Хоць абвінавачанне сцвярджала, што «Вясна» неправамерна выкарыстоўвала грошы, атрыманыя за мяжой, і незаконна працягвала дзейнасць пасля роспуску Вярхоўным судом Беларусі, Працоўная група раней вызначыла, што выкарыстанне рахункаў у замежных банках для фінансавання дзейнасці «Вясны» абаронена артыкулам 22 Крымінальнага кодэксу, Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (права на свабоду абʼяднанняў) і што «крымінальная адказнасць не можа быць заснаваная на папярэдніх дзеяннях ураду ў скасаванні рэгістрацыі і роспуску „Вясны“», паколькі гэтая акцыя парушыла міжнароднае права.

Юрысты прызнаюць, што абуральныя парушэнні, дапушчаныя судом, дастатковыя, каб прадэманстраваць, што Бяляцкі быў пазбаўлены права на незалежны і бесстаронні суд. Яны нагадваюць, што на момант суду судздзя Марына Запаснік ужо была пад санкцыямі Еўрапейскага Звязу «за шматлікія палітычна матываваныя рашэнні супраць мірных пратэстоўцаў» і «за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазыцыі». Пракурор Аляксандар Кароль пазней трапіў пад санкцыі Еўразвязу за «шматлікія палітычна матываваныя крымінальныя справы супраць беларускіх праваабаронцаў», уключаючы старшыню «Вясны» Алеся Бяляцкага».

Крыніца: Міжнародныя адвакаты Алеся Бяляцкага падалі петыцыю ў Працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях