27.10.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, пераслед, рэпрэсіі, затрыманні, экстрэмізм У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 27 кастрычніка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

На ААТ «Лідскае піва» адбыліся затрыманні

Сёння каля 10:00 адбыўся «хапун» на прадпрыемстве ААТ «Лідскае піва». Паведамляюць, што затрымана не менш за 6 чалавек.

На «Паліміры» у Наваполацку — таксама затрыманні

Стала вядома, што 24 кастрычніка было затрымана чацвёра супрацоўнікаў цэха №201 завода «Палімір».

Затрыманне адбылося пасля размовы з правакатарам Юрыем Комарам у чат-рулетцы. Падчас дыялогу, які пачаўся як звычайная гутарка, абмеркаванне ператварылася ў палітычную дыскусію, у якой адзін з супрацоўнікаў «Паліміра» выказаў свае палітычныя погляды.

Telegram-канал бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане прызнаны «экстрэмісцкім»

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Лідскага раёну 23 кастрычніка. «Экстрэмісцкім» таксама прызнаны і лагатып telegram-каналу.

Таксама ў другі раз «экстрэмісцкім» быў прызнаны тэлеграм-канал «Вясна | Брэст» — 24 кастрычніка судом у Баранавічах. У мінулым годзе гэта ўжо зрабіў суд Чыгуначнага раёну Гомеля.

Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:

Затрыманні ў Ваўкавыску

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне двух жыхароў Ваўкавыску.

Адзін з іх — супрацоўнік Ваўкавыскай ЦРБ Аляксандр Скіруха, затрыманы за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП РБ). Другі затрыманы — супрацоўнік «Белтэлекама» Ігар Палікша. На «пакаяльным відэа» ён кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у мітынгах і таксама затрыманы за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

Крыніца: Затрыманні, папаўненні ў спісах "экстрэмісцкіх" матэрыялаў: хроніка пераследу 27 кастрычніка