У Беларусі 24 сакавіка працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Працягваюць адбывацца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Масавыя выклікі на "прафілактычныя гутаркі"

Праваабаронцам "Вясны" масава паведамляюць пра выклікі на "прафілактычныя гутаркі" на 24 і 25 сакавіка ў РУУС і РАУСы Мінска, Баранавіч і іншых гарадах Беларусі. Выклікаюць тых, хто раней пераследаваўся па "палітычных артыкулах". Вядома, што некаторыя не вярнуліся з такіх "гутарак" і былі затрыманыя.

Нагадаем, кожны год міліцыянты перад Днём Волі ладзяць «прафілактычныя гутаркі», якія часта сканчваюцца прэвентыўнамі затрыманнямі і «суткамі». Такім чынам улады хочуць не дапусціць патэнцыяныя пратэсты ў гэты значны для беларусаў дзень.

Праваабаронцы нагадваюць, што заканадаўствам устаноўлены парадак выкліку сведкі на допыт (арт. 216 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса). Позва мусіць быць уручана пад распіску. Калі позву закінулі проста ў паштовую скрыню, то асоба лічыцца належным чынам не апавешчаная і гэта не цягне абавязак з'яўляцца па выкліку.

Былога палітвязня затрымалі за тое, што ён вырабляў і распаўсюджваў БЧБ-сцягі

Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць пра затрыманне мужчыны, які «на сваім працоўным месцы, акрамя збору мэблі, займаўся вырабам і распаўсюджваннем пратэстнай сімволікі». Паведамляецца, што ён нібыта перадаваў БЧБ-сцягі «лідэрам экстрэмісцкіх ячэек», сярод якіх названы ўчора затрыманы Зміцер Дашкевіч

Па інфармацыі "Вясны", гэта Уладзімір Яроменак — былы палітвязень пасля Плошчы-2010.

Паводле праўладных каналаў, мужчына стаў фігурантам крымінальнай справы па арт. 342 КК (арганізацыя і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту (арт. 342 КК). На "пакаяльным відэа" мужчына выглядае збітым.

Актывіст Зміцер Дашкевіч — у ізалятары на Акрэсціна.

"Мяркую, што будзе адміністратыўны суд сёння/заўтра. Ці гэтым усё скончыцца — невядома",напісала Наста Дашкевіч.

Нагадем, учора ў Дашкевічаў адбыўся ператрус, сілавікі канфіскавалі тэхніку.

Новая крымінальная справа супраць мінчука па "народным артыкуле"

Станіслава Рачыцкага затрымалі 10 лютага: яго спынілі супрацоўнікі ДАІ і потым адвезлі ў Першамайскі РУУС. У яго на нумарах машыны былі рамкі з арнаментам і маленькай Пагоняй. У РУУС на яго склалі пратакол па артыкуле 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Станіслава арыштавалі на 15 сутак.

На судзе ён распавёў, што ў РУУСе глядзелі яго тэлефон і пыталі наконт удзелу ў пратэстах у 2020-м годзе. Супрацоўнікі знайшлі ў яго фотаздымак у архіве гісторый інстаграм. На фотаздымку ён са сцягам на дарозе на першым Маршы 16 жніўня. Станіслаў заявіў, што мітынг насіў толькі мірны характар і ніякіх агрэссіўных дзеянняў на ім не прадпрымалася.

Пасля 15 сутак арышту Станіслаў не выйшаў. Яго перазатрымалі на падазрэнні па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Чацвёртага сакавіка яго перавялі ў СІЗА-1.

«NEXTA», «NEXTA Live» і «LUXTA» могуць прызнаць у Беларусі тэрарыстычнай арганізацыяй 

Стваральнік НЕХТА Сцяпан Пуціла
Стваральнік НЕХТА Сцяпан Пуціла

Генеральны пракурор Андрэй Швед на падставе Закона Рэспублікі Беларусь «Аб барацьбе з тэрарызмам» па прапанове Старшыні Камітэту дзяржаўнай бяспекі накіраваў у Вярхоўны Суд заяву аб прызнанні нефармальнай арганізацыі «NEXTA» з структурнымі падраздзяленнямі «NEXTA Live» і «LUXTA» тэрарыстычнай.

У Чэрвені затрыманы былы начальнік РАУС

Праваабаронцам «Вясны» паведамілі пра затрыманне ў сакавіку гэтага году былога начальніка Чэрвенскага РАУС Аляксея Аляксандравіча Пратаповіча.

З РАУС ён звольніўся яшчэ да пратэстаў, потым працаваў кіруючым справамі Чэрвенскага раённага выканаўчага камітэта. Адтуль ён сыйшоў пасля падзей 2020 года.

Падрабязнасцяў затрымання Пратаповіча няма. Крыніцы мяркуюць, што затрыманне мае палітычныя матывы і звязанае з «арганізацыяй пратэстаў».

Да палітзняволенага Леаніда Судаленкі два месяцы не даходзяць лісты 

Леанід Судаленка ў судзе. Фота: Гомельскія ведамасці
Леанід Судаленка ў судзе. Фота: Гомельскія ведамасці

Праваабаронца Леанід Судаленка ў калоніі знаходзіцца з 27 студзеня. Нядаўна жонка Леаніда атрымала ад яго ліст, у якім ён паведаміў, што з таго часу яму яшчэ не перадалі ніводнага ліста. Днямі яго сябар Васіль Палякоў напісаў заяву на імя начальніка папраўчай калоніі №3 з патрабаваннем не перашкаджаць ліставанню і перадаваць лісты Леаніду.

У адказе на заяву адміністрацыя ПК-3 напісала, што «ўся карэспандэнцыя, якая паступае на імя асуджанага Судаленкі Л. Л., выдаецца яму ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам». Таму Палякоў збіраецца звярнуцца з патрабаваннем да Дэпартаменту выканання пакаранняў.

Нагадаем, 3 лістапада праваабаронцам "Вясны" Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы вынеслі прысуд — тры і два з паловай гады калоніі адпаведна. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

Працягвайце падтрымліваць Леаніда: ПК №3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Затрыманні, новыя "крыміналкі": "зачыстка" перад Днём Волі ў Беларусі Дапоўнена