*у загалоўку – адсыланне на песню “520” “Дэльфіна” – аднаго з любімых спевакоў Жэні

Ён ночыў у намётах у літоўскім полі і ў рыжскіх парках, бачыў горную рэчку ў Славакіі і 100-кіламетровае возера – у Венгрыі, рабіў прывалы ўздоўж мора ў Харватыі, шпацыраваў па Іерусаліму, Барселоне, Парыжу, Ціране, Дрэздэну, Лісабону і яшчэ дзясяткам гарадоў.

Сёння Жэня Рубашка ўжо паўгода замкнёны ў сценах палаца пасярод Мінска – але Валадарка апынулася мурам для ягонай душы толькі фізічна. Бо краты не здолелі перакрэсліць ягоныя здольнасці, а толькі ўмацавалі іх і ўзгадавалі новыя: да прыкладу, у СІЗА Жэня пачаў пісаць вершы.

Мінск-Амстэрдам-Мінск

Яўген Рубашка закончыў БДУІР, дзе атрымаў спецыяльнасць інжынера-праграміста. Каля васьмі гадоў пасля ўніверсітэта ён працаваў у Беларусі, валодае адной з рэдкіх моваў праграмавання.

Але аднойчы ў кафэ за піццай ён стаў распавядаць пра піраміду Маслоў і заўважыў, што па ягоных адчуваннях, ён знаходзіцца на яе перадапошняй ступені. На ягоную думку, для самарэалізацыі патрэбна было паспрабаваць жыць у іншай краіне. Праз кароткі час ён на паўтара года з’ехаў працаваць у Амстэрдам. Ён задумваўся пра пераезд у Берлін ці Варшаву, дзе ў яго больш сяброў, аднак пасля падзей 2020 года Жэня вырашыў вярнуцца ў Беларусь, бо не мог заставацца ў баку ад таго, што адбывалася ў роднай краіне.

Вініл і падарожжы

З Нідэрландаў Жэня прывёз вінілавы прайгравальнік з кружэлкамі і каб павесяліць блізкіх, часта скідваў ім відэа, на якіх ён гучна слухае музыку. Сябры мяркуюць, у яго няма пэўнага любімага жанра, ён любіць як рок (напрыклад, часта дасылае паслухаць “нешта накшталт дэпрэсіўнага паст-року”), так і нешта больш спакойнае. Адзін з ягоных любімых выканаўцаў – “Дэльфін”. У адным з лістоў Жэня нават заўважыў, што можа “ўзнаўляць музыку ў галаве”.   

Таксама акрамя прайгравальніка, Жэня прывёз з Амстэрдама ровар, які вельмі любіць выкарыстоўваць для перасоўвання па гораду. Аднойчы ён даслаў з СІЗА паштоўку з роварамі і ўзгадаў свае веласіпедныя шпацыры па Мінску, Амстэрдаму і Капенгагену. 

rubashka_yaugen.png
Жэня ў Гаазе

Падарожжы – яшчэ адно з захапленняў Жэні. Ён ездзіў аўтаспынам па Літве, Латвіі і Эстоніі, рабіў уздоўж доўгай дарогі ў Харватыі прывалы “in the middle of nowhere”, бачыў шпацыруючых свінняў падчас начлегаў каля мора ў Албаніі, апынаўся на мыліцах у Грузіі, аб’ездзіў некалькі гарадоў Германіі, Францыі, Грэцыі, Партугаліі, адпачываў у Шры-Ланцы. Зараз Жэня хацеў бы выправіцца ў падарожжы па Сярэдняй Азіі .

Праз пастаянныя падарожжы аднойчы ён нават спазніўся на лятак, бо гадзіннік на тэлефоне не паспеў зарыентавацца так хутка, як арыентуецца сам Жэня. Аднак гэтая сітуацыя зрабіла ягонае падарожжа нават больш цікавым: ён з’ездзіў яшчэ ў Германію ды Польшчу. Яўген добра валодае ангельскай мовай, а таксама хацеў бы вывучыць іспанскую.

rubashka_krainy.png
Падрабязна пачытаць пра падарожжы Жэні можна ў ягоным лісце

Кнігі і вершы

Жэня распавядае, што ў зняволенні шмат чытае. Ён напісаў, што кнігі ім прыносяць раз на два тыдні, таму трэба загадзя скласці свой “а-ля віш-ліст” і дачакацца літаратуры. За паўгода за кратамі палітвязень прачытаў вершы Маякоўскага, Ахматавай, Лермантава, прозу Уэльбэка, Голдзінга, Камю, Даўлатава і яшчэ стос кніг. Вось, што Яўген піша пра тое, што ён чытае.

rubashka__knihi.jpg
Спіс кніг, які Жэня прачытаў і чытае ў СІЗА

Акрамя гэтага, за кратамі Жэня пачаў пісаць вершы. Магчыма, ён пісаў нешта для сябе і раней, але не публічыў гэта. Блізкія мяркуюць, што вершы для Жэні зараз – магчымасць пакінуць на паперы думкі, асацыяцыі і хваляванні, каб у будучыні была магчымасць перачытаць гэта і ўзгадаць для сябе моманты ягонага становішча зараз – няхай нават і не самыя прыемныя.

Дом на фотаздымках

У падарожжах Жэня часта наведваў шматлікіх сяброў. Зараз так шмат з іх хвалююца за яго, што блізкія нават не могуць палічыць колькасць людзей, якія напісалі ім пасля затрымання. Сябры Жэні падтрымліваюць ягоную сям’ю на волі і самога Жэню – за кратамі. Яны пішуць пра побытавыя рэчы, пра свае падарожжы і заняткі. Маці распавядае яму, як вырошчвае любімыя кветкі. Жэня часта просіць дасылаць фотаздымкі свайго дома ў родным горадзе.

І калі з ліставаннем з сям’ёй праблем звычайна не ўзнікае, то лісты, якія дасылаюць сябры (асабліва з-за мяжы), даходзяць не заўсёды добра. Таму калі вы дасылаеце Жэні лісты, рабіце фотаздымкі, каб потым паказаць яму. Але нягледзячы на ўсе перашкоды, палітвязень усё адно ведае, што яму пішуць: пра падтрымку знаёмых і незнаёмых людзей яму пастаянна нагадваюць родныя і адвакат.

80 словаў на сарані

Сябры апісваюць Жэню як спагадлівага і вельмі эмпатычнага чалавека, які ў першую чаргу думае не пра сябе, а пра іншых, і заўсёды імкнецца ім дапамагчы. Напрыклад, ён удзельнічаў у разнастайных грамадскіх ініцыятывах: дапамагаў ладзіць паказы фільмаў, бясплатныя кірмашы, а таксама з часоў вучобы ва ўніверсітэце быў валанцёрам праэкта “Ежа замест бомбаў”, якая часова спыніла сваю дзейнасць у 2022 годзе праз рэпрэсіі ў краіне. Падчас валанцёрства Жэня дапамагаў з ежай і адзеннем бясхатнім.

У СІЗА ён не разгубіў гэтыя якасці, бо неаднаразова пісаў у лістах, што ў такіх месцах узаемаразуменне вельмі неабходнае. Яўген піша, што важна разумець: зараз СІЗА – месца, дзе ўсім даводзіцца жыць і камунікаваць адзін з адным, дзяліцца нечым альбо проста размаўляць на цікавыя тэмы, каб было крыху весялей, бо зносіны з людзьмі – адзін з цікавейшых заняткаў за кратамі. Напрыклад, Жэня распавядае, што сядзеў з кухарам з азіяцкай краіны і вывучыў 80 словаў на курдскім дыялекце сарані. Таксама па ягоных лістах зразумела, што Жэня падтрымлівае людзей, якія прыгнечаныя больш за яго. А здзіўляе яго тое, што ёсць толькі пэўны час для шпацыра.  

У зняволенні Жэня таксама сумуе па працы, якой ён займаўся да затрымання. Ён займаўся праэктам, які сумясціў бы ў сабе базу ведаў і адначасова з’яўляўся б сацыяльнай сеткай. Прага да ведаў засталася ў Жэні і зараз: ён плануе вывучыць новую мову праграмавання, блізкія ўжо замовілі для яго кнігі. Яны імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб крыху палегчыць ягоны час не на волі, аднак самае цяжкае для іх зараз – поўнае разуменне, што Жэня сядзіць за кратамі ні за што – па сутнасці, за праяўленне грамадзянскай пазіцыі. Яны спадзяюцца хутка ўбачыць яго на волі і пайсці есці з ім фалафель, якія Жэня вельмі любіць.

Блізкія лічуць, што галоўнай каштоўнасцю для яго зараз застаецца тое, што ён чысты перад сваім сумленнем, і ў яго дастаткова падтрымкі родных і сяброў, каб усё гэта перажыць. Жэня трымаецца бадзёра і не падае духам, нагледзячы на несправядлівасць, якая адбываецца з ім. Але падтрымка патрэбная нават самым моцным, таму ён будзе рады абмеркаваць у лістах вершы, падарожжы, незвычайныя рэчы, а таксама навіны з усяго свету і Беларусі.

Падтрымаць Жэню лістамі, паштоўкамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе: 

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Яўген Аляксандравіч Рубашка

Крыніца: «Сэрца смелае, якое большым стала». Гісторыя палітвязня Яўгена Рубашкі