Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца і ў новым 2022 годзе. 9 і 10 студзеня па-ранейшаму затрымліваюць грамадзян, праводзяццца ператрусы, людзей звальняюць па палітычных перакананнях і ўжываюць розныя іншыя формы ціску на беларусаў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Праваабаронцы «Вясны» працягваюць збіраць апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

9 студзеня

У Гародні затрымлівалі стаматолага Тураева

Аляксандр Тураеў
Аляксандр Тураеў

Як мінімум 8 сілавікоў прыйшлі да Аляксандра Тураева ў дом 9 студзеня. Мужчыну паклалі тварам у падлогу. На пытанне, якое дачыненне ён мае да пратэснай дзейнасці, мужчына адказаў: «Абсалютна ніякае».

На відэа ператрусу дома ў мужчыны паказалі пісталет, патроны і часопісы з аголенымі жанчынамі. Гарадзенец патлумачыў, што патроны ён прывёз з Манголіі, яны ў яго захоўваюцца з 1990-га. Які закон ён парушыў часопісамі і для чаго на іх звярнулі ўвагу, сілавікі не абгрунтавалі.

У «пакаяльным» відэа мужчына сказаў, што яго затрымалі за абразу службовых асоб і прэзідэнта ў сацсетках, паведамляе "Новы Час".

Гарадзенец затрыманы за датычнасць да чат-бота "Перамога"

Да Максіма Публіцкага па месцы жыхарства прыйшлі не менш трох сілавікоў у экіпіроўцы. Па прызнанні на відэа, ён абражаў у Інтэрнэце службовых асоб, а летам 2021 года запусціў чат-бот "Перамога". Ён прызнаў віну, піша hrodna.life. Сілавікі сцвярджаюць, што прыйшлі да яго па "злітай базе плана "Перамога".

Звольнілі дырэктарку музея Янкі Купалы Алену Ляшковіч

Дырэктарка літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч звольненая са сваёй пасады яшчэ 5 студзеня, але інфармацыя стала вядомая пазней.

Ірына Ляшковіч

Алена Ляшковіч нарадзілася ў Вілейскім раёне. Скончыла гістарычны факультэт БДУ, працавала ў Рэспубліканскім навукова-метадычным цэнтры народнай творчасці і культпрасветработы, затым у Інстытуце праблем культуры.

Як паведамляе “Наша Ніва”, Ляшковіч узначаліла музей у 2007 годзе. Пад яе кіраўніцтвам быў рэалізаваны шэраг цікавых праектаў, абноўленая экспазіцыя музея. У прыватнасці, да 130-годдзя з дня нараджэння Купалы з'явілася экспазіцыя «Шляхі».

Пры ёй у экспазіцыі музея з'явіліся мультымедыйныя магчымасці: тэматычныя кліпы ў 3D-фармаце, віртуальныя экскурсіі па філіялах музея.

Пра прычыны звальнення нічога не паведамляецца. Раней імя Ляшковіч фігуравала ў пасквілі прапагандыста Андрэя Мукавозчыка.

10 студзеня

У калоніі ціснуць на палітзняволеную Алену Маўшук. Блізкія хвалююцца за яе жыццё.

Як стала вядома праваабаронцам, да палітзняволенай пінчанкі Алены Маўшук у калоніі  ўжываецца ціск. Жанчыну пазбавілі ўсіх перадач і спатканняў з блізкімі. У нядаўняй тэлефоннай размове з маці яна сказала, што ўсіх любіць, але не вытрымлівае. Палітзняволеная знаходзіцца ў падушаным псіхалагічным стане. Вядома, што ёй перыядычна выпісваюць пакаранні.

«Алена па-ціху трымаецца. Ёй там вельмі цяжка і сумна, у яе там усё вельмі дрэнна. Я думаю, вы павінны разумець, што гэта значыць», — піша на волю з іншай калоніі яе палітзняволены муж Сяргей. Ён раіць дасылаць жонцы лісты першым класам — «тады можа перададуць».

Палітзняволенага Максіма Знака з СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску этапавалі папраўчую калонію №3 «Віцьба», паведамляюць праваабаронцы.

Сам Максім Знак у лістах зазначае, што пакуль знаходзіцца на карантыне.

Максім Знак — адвакат, сябра Каардынацыйнай рады, паэт, музыка, спартовец, трыятляніст. У закрытым рэжыме яго асудзілі на 10 гадоў калёніі за тое, што нібыта «заклікаў нашкодзіць нацыянальнай бясьпецы Беларусі», «хацеў захапіць уладу ў краіне», а таксама быццам «стварыў экстрэмісцкае фарміраванне».

Новы адрас для лістоў Максіму Знаку:

211322, Віцебская вобласць, Віцебскі раён, п. Віцьба, ВК-3

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Новыя затрыманні і звальненні: хроніка палітычнага пераследу 9 -10 студзеня