У Мінску 17 снежня вынесены прысуд палітвязням -  арт-мэнэджэру і дыджэю Аляксандру Багданаву і сцэнографу Максіму Круку. Іх асудзілі на 3 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу па ч.1 артыкула 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Такі прысуд вынесла суддзя Ленінскага раёну Мінска Марына Клімчук.

Да суда Багданаў і Крук утрымліваліся ў СІЗА №1.

Багданава і Крука затрымалі 2 верасня. Пасля арышту на праўладных Telegram-каналах з’явіліся відэа Багданава і Крука, у якіх яны гавораць, што ў жніўні летась былі на маршах. Багданаў заявіў, што ён рухаўся ў пратэставай калоне з дыджэйскай устаноўкай, а Максім Крук — нёс гукаўзмацняльную калонку.

Аляксандр Багданаў у мінулым годзе выходзіў на маршы пратэсту з дыджэйскай устаноўкай, ставіў музыку для пратэстоўцаў і называў акцыю «#музыкаоружие”. Ён таксама прамоўтар беларускіх музычных гуртоў, у тым ліку папулярных «Кассиопея», «Серебряная свадьба», «Петля Пристрастия», «Аддис Абеба», «Port Mone», «Shuma». Акрамя таго, ён заснаваў менскі культурны цэнтр «Корпус» і быў яго арт-дырэктарам.

Максім Крук — сцэнограф, супрацоўнічаў з культурніцкім цэнтрам "Корпус". 

У студзені ў «Корпус» уварваўся АМАП, сілавікі зладзілі ператрус у офісе арганізацыі «Makeout». Аднак «Корпус» працягнуў працу. Вечарам 2 верасня «Корпус» закрылі. 

Крыніца: Вынесены прысуд палітвязням -  арт-мэнэджэру і дыджэю Аляксандру Багданаву і сцэнографу Максіму Круку