Берасцейцу не прадалі піва - і ён аблаяў Лукашэнку 15 снежня ў судзе Ленінскага раёна Брэста вынеслі прысуд па справе аб публічнай абразе Лукашнкі

Разгляд гэтай справы пачаўся яшчэ ў кастрычніку. Абвінавачаным па ёй праходзіць Васіль Панасюк. Мужчыну абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 368 КК РБ («Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»).Судовае пасяджэнне вёў суддзя Святаслаў Каліна.

Падчас разгляду матэрыялаў справы стала вядома, што 10 чэрвеня гэтага года прыкладна ў 11.00 Васіль Іванавіч прыйшоў у краму па алкаголь. Але там яму яго не прадалі. Мужчына вырашыў не здавацца, таму пайшоў у бар. Там ён узяў піва, але плаціць за яго чамусьці адмаўляўся. Лагічна, што з боку бармэна да мужчыны ўзніклі пытанні. Мяркуючы па ўсім, яны Васілю Іванавічу вельмі не спадабаліся. У выніку мужчына стаў гучна абурацца - славесна прыляцела і супрацоўнікам бара, і існуючай дзяржаўнай уладзе, і нават Лукашэнку.

Усё гэта адбывалася на вачах у аднаго студэнта, які , па сутнасці, і стаў галоўным сведкам па гэтай справе. Падчас судовага пасяджэння высветлілася, што хлопец нават запісаў усё тое, што адбывалася ў бары, на аўдыё.

Вядома і тое, што аблаяўшы бармэнаў, уладу і Лукашэнку, мужчына прыстаў да двух хлопцаў у бары і таксама стаў скардзіцца на дзеючага прэзідэнта. Аднак тут побач зноўку аказаўся той самы студэнт і прапанаваў Васілю распавядаць усё яму, а не гэтым двум хлопцам.

Нарэшце, гэты ж студэнт выклікаў на абвінавачанага міліцыю.

У якасці доказу злачынства на судзе былі агучаныя тыя самыя аўдыёзапісы: дыялог з прадаўцом, абразлівыя фразы ў адрас Лукашэнкі, званок студэнта-сведкі ў міліцыю…

На судовым пасяджэнні прысутнічала і прадавачка з крамы, да якой па алкаголь прыходзіў абвінавачаны. Жанчына патлумачыла, што канкрэтыкі таго здарэння яна не памятае, «бо тых, хто абураецца ўладай, прыходзячы ў магазіін, занадта шмат».

На аўдыёзапісах, якія праслухоўвалі ў судзе, можна было пачуць, да прыкладу, такія фразы: «97% супраць яго», «мянты даўно згодныя з народам», «яны не вінаватыя, яны хутка тэрмін свой адбудуць, а адбываюць за праўду», «пенсіянераў ён пакрыўдзіў усіх, с..а, ён дыктатар»...

Пасля праслухоўвання аўдыёзапісу суддзя спытаўся у абвінавачанага: «Гэта ваш голас»?

«Напэўна, мой», - разгублена адказаў Васіль Іванавіч. Ён жа растлумачыў суду, што тых падзей ён практычна не памятае. Як даваў паказанні следчаму – таксама. Таксама мужчына акцэнтаваў увагу на тым, што ў яго праблемы з сэрцам, была мазгавая траўма, здараюцца правалы ў памяці, а пасля таго выпадку ён наогул добраахвотна пайшоў лячыцца ў наркадыспансер.

Абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну і запэўніў, што на самой справе добра ставіцца да прэзідэнта, бо той даў яму пенсію.

Пракурор запытаў для абвінавачанага тры месяцы арышту.

15 снежня суд вынес прысуд. Васіля Панасюка прызналі вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 368 КК РБ («Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь») і прысудзіў тры месяцы арышту. У бліжэйшы час мужчына адбудзе свае пакаранне. Пад варту у зале суда яго не ўзялі.

Крыніца: Берасцеец пайшоў у краму і аблаяў там Лукашэнку - прысудзілі 3 месяцы арышту