Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца і 15 снежня: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» сабраў апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Жорсткае затрыманне ў Мінску
Раніцай у Мінску былі жорстка затрыманыя муж і жонка Алег і Таццяна Булько.
“Уварвалася 6 чалавек да маіх бацькоў у кватэру ў Малінаўцы. Забралі бацьку і маці. Бацьку папярэдне, паставіўшы да сцяны, моцна збілі. Дома засталася мая непаўнагадовая сястра 13 гадоў” – паведамілі сваякі праваабаронцам.
Таксама ў Мінску затрыманая Марына Ціхамірава. Падрабязнасцей пакуль няма.
У Рэчыцы ўзбудзілі крымінальную справу за фотаздымак у нямецкай форме 10-гадовай даўніны
54-гадовага Уладзіміра Прадкіна вінавацяць па арт.130 КК РБ (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці).
Па версіі следства, Прадкін размясціў на старонцы ў «ВК» фотаздымак сябе ў форме нямецкага афіцэра, які быў зроблены падчас здымкаў мастацкага фільма ў Расеі, пад Масквой. Апроч гэтага, мужчыне паставілі ў віну размяшчэнне ў «ВК» кнігі з мемуарамі нацысцкага генерала і каментары ў «Аднакласніках», дзе мужчына хваліць Гітлера.
Прадкіна затрымалі супрацоўнікі Гомельскага ГУБАЗіК 9 снежня, калі ён выходзіў са свайго падворку, і зладзілі ў яго хаце ў прысутнасці панятых ператрус. Па выніку – забралі тэлефон і ноўтбук, паведамляе "Гомельская Вясна".
Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.
Крыніца: У Мінску - затрыманні, у Рэчыцы - новая крыміналка: хроніка пераследу за 15 снежня