Друкаваць гэтую старонку
Субота, 15 Снежань 2018

#БезПраваНаРасправу. “Рукі па швах! Твар прасьцейшы! Перад кім стаіш?!.”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Варвара. Фота: ПЦ "Вясна" Варвара. Фота: ПЦ "Вясна"

Адзінаццаць гадзін зьневажаньняў, зьдзекаў і страху ў аддзяленьні міліцыі  Ленінскага раёну Горадні давялося перацярпець Варвары і яе сябрам. За што? За праяўленую сьвядомасьць… Чарговая, ганебная для міліцыі, гісторыя, расказаная ў межах мультымэдыяпраекту ПЦ “Вясна” #БезПраваНаРасправу.

Гарадзенская студэнтка Варвара і яе сябры і падумаць не маглі, чым скончыцца выказаная імі сьвядомасьць. Увечары, каля  23.00, маладзёны паведамілі ў МНС пра пажар у лесапаркавай зоне…

Расказвае Варвара

“Позна ўвечары мы зь сябрамі вырашылі пайсьці ў лес адпачыць. Узялі намёты, спальнікі. Я далучылася да кампаніі крыху пазьней. Пад'яжджаючы зь сябрам да лесапаркавай зоны, убачыла бляск пажару. Падумалі, што гэта лясны пажар. Адшукалі астатніх. Усе былі ўстурбаваныя і занепакоеныя. Як высьветлілася пазьней, гарэў падпалены экскаватар. Параіўшыся, вырашылі зьвярнуцца ў экстранную службу МНС, а самі рушылі насустрач, сустракаць аўтамабілі.

Першым пад'ехаў міліцэйскі патруль. Міліцыянты сталі нас распытваць, што адбылося і калі канкрэтна пачаўся пажар. Перапісалі дадзеныя чалавека, які тэлефанаваў у МНС. Нас адпусьцілі, і мы дачакаліся аўтамабіляў МНС, паказвалі ім, як даехаць. Потым, ужо ноччу, накіраваліся дадому. Вырашылі сабрацца ў чалавека, які пакінуў міліцыі свае дадзеныя”.

Празь некалькі гадзін, недзе на досьвітку, у кватэру пагрукалі некалькі міліцыянтаў, якія прыехалі на «Газэлі». Прапанавалі праехаць у РАУС. Пры гэтым паабяцалі, што апытаньне будзе доўжыцца ня больш за 15 хвілін, пасьля чаго ўсіх адвязуць назад.

Спачатку адвезьлі ў лес, на месца пажару, і толькі потым – у аддзяленьне міліцыі. Там ніхто сябе нам не называў. Завялі чамусьці з чорнага ўваходу, разьвялі ўсіх па розных кабінэтах. Варвару першай адвялі ў кабінэт на апытаньне – да старэйшага лейтэнанта міліцыі Марэцкага Артура Вітальевіча. Пра тое, хто ён, Варвара даведалася толькі з дыплёмаў, якія віселі на сьцяне. Сам ён назваць сябе адмовіўся.

Марэцкі сьцісла апытаў аб пажары, а пасьля перайшоў на пытаньні асабістага характару. Пэрыядычна ў кабінэт заходзілі іншыя супрацоўнікі, кідалі рэплікі ў адрас дзяўчыны. Адзін зь іх стаў пагражаць магчымымі праблемамі ва ўнівэрсытэце, а Марэцкі падрабязна распытваў пра стасункі з сябрамі, аб інтымным жыцьці.

“Таксама ён спрабаваў выклікаць у мяне недавер да маіх сяброў, запэўніваючы, што яны ўсе вельмі падазроныя, і, верагодна, падпал – іхніх рук справа, а я магу дапамагчы сьледзтву, калі пагаджуся зь ягонымі здагадкамі. Сытуацыю ўскладняў і той факт, што ў кампаніі была грамадзянка Ўкраіны і грамадзянін РФ, што выклікала яшчэ большую хвалю падазронасьці і недаверу да нас”, – згадвае Варвара.

“Дзе працуюць твае сябры? Чым займаюцца? Дзе бяруць грошы? – вельмі настойліва цікавіўся ён.

Цалкам незразумелым Марэцкаму падаўся той факт, што ніхто з кампаніі сяброў не ўжывае алькаголь ці іншыя рэчывы, ніхто ня паліць. Апытаньне доўжылася больш за гадзіну. Нарэшце ён даў Варвары прачытаць пратакол апытаньня, пасьля чаго яе вывелі ў калідор і сказалі: “Чакай тут”.

На пытаньні, чаму яна не можа сысьці і які яе статус – падазраванай ці сьведкі – адказу не было. Ніякіх папер альбо копій дакумэнтаў ёй ня выдалі.

– Назавіце мне мой статус, я затрыманая ці мне можна сыходзіць? – дамагалася адказу Варвара.

Не, вы не затрыманыя. Але пакінуць аддзяленьне вы ня можаце, чакаем далейшых указаньняў, – чула ў адказ.

Дзяўчына з Украіны пасьля распавяла Варвары пра грубасьць супрацоўнікаў. Ёй таксама задавалі пытаньні інтымнага характару, пыталіся пра заробак, пра татуіроўкі і стаўленьне да вайны ва Ўкраіне. Наўпрост вінавацілі яе ў хлусьні, кажучы, што экскаватар ніхто апрача іх падпаліць ня мог.

На просьбу даць папіць, заявілі, што цягам бліжэйшых дзевяці гадзін яна дакладна ня ўбачыць ані вады, ані сяброў.

Далей заводзілі гаворку пра тое, што яна лёгка стане падазраванай і, як грамадзянка Ўкраіны, правядзе тут не адзін месяц. Адзін з супрацоўнікаў неаднаразова выходзіў з кабінэту, а калі вяртаўся, штораз балюча пстрыкаў яе па вуху, у якіх былі прабітыя тунэлі. На словы дзяўчыны, што гэта вельмі непрыемна, міліцыянт ніяк не рэагаваў. Амаль тое ж самае расказаў і хлопец з Расеі.

“У кабінэце працягвалі крычаць. На падвышаных тонах задаваліся пытаньні кшталту: “Навошта ты падпаліў экскаватар?На пытаньне, у якім статусе ён тут знаходзіцца, быў адказ: “Ты тут ніхто!”

Грубасьць, бестактоўныя пытаньні інтымнага характару, маральны ціск. У дадатак да ўсяго ў хлопца адабралі тэлефон і дакумэнты,  у тым ліку пашпарт. Адкрыта абвінавачвалі ў падпале і пагражалі пасадзіць. Спрабавалі абвінаваціць ва ўдзеле ў акцыях, пра якія ніхто з затрыманых ня чуў, у падпалах. Казалі, што яны хлусяць.

Потым адзін з супрацоўнікаў сказаў хлопцу з Расеі ехаць ва УУС Гарадзенскага аблвыканкаму. Там, пасьля дзьвюх гадзін чаканьня, яго завялі на паліграф. Толькі пасьля прывезьлі назад.

Расказвае Варвара:

“Празь некалькі гадзін мяне выклікалі ў іншы кабінэт, нумар мне не ўдалося разгледзець.

“Цяпер пачнуць прэсаваць”, – пасьпеў папярэдзіць адзін зь сяброў, які выходзіў адтуль.

І на мяне адразу ж пасыпаліся абвінавачаньні, абразы, нецэнзурныя словы, зноў пачаўся допыт, які нікуды не запісваўся...

Пасьля таго, як я счапіла на грудзях рукі, пачуўся крык: “Рукі па швах! Твар прасьцейшы! Перад кім стаіш?!

Зноў тыя ж пытаньні, аднолькавыя адказы, толькі цяпер зь іх боку ўсё перамяжоўваецца матам і абвінаваўчымі пытаньнямі кшталту: “А які з трох экскаватараў вы падпалілі?”, “Хто з вас падпальшчык?”

Сустрэўшы на калідоры Марэцкага, сябры сталі патрабаваць, каб вярнулі тэлефоны і патлумачылі сытуацыю. Пасьля гэтага той перайшоў на крык.

Крычаў, што нічога ня ведае, маўляў, ён гэтым не займаецца, а тэлефоны ніхто не атрымае, і наагул, працоўны дзень у яго ўжо скончыўся. Ён зачыніў кабінэт на ключ і пайшоў. Толькі недзе каля трох гадзін дня, пасьля незьлічоных патрабаваньняў і пытаньняў, выйшаў мужчына, які аддаў тэлефон, толькі адной Варвары з усёй кампаніі, і дазволіў зрабіць званок у яго прысутнасьці.

Паводле слоў Варвары, да чатырох гадзін дня ў дзяжурную частку сталі прыяжджаць сваякі маладзёнаў і патрабаваць неадкладнага вызваленьня затрыманых. Але, замест гэтага, міліцыянты пачалі браць адбіткі пальцаў і ўзоры ДНК.

Калі хто адмаўляўся рабіць гэтыя працэдуры, супрацоўнікі пагражалі арыштам, а замежнікаў абяцалі засадзіць на месяц. Пратаколы з апытаньнямі і аб здачы адбіткаў прымушалі падпісваць пад пагрозамі. У пратаколах не былі пазначаныя прозьвішчы супрацоўнікаў, што праводзілі гэтыя працэдуры.

Усё гэта адбывалася 2 верасьня. Таму нельга не ўдакладніць, што ўжо назаўтра, 3 верасьня, быў затрыманы мужчына, падазраваны ў падпале экскаватара.

Прычым, афіцыйны прадстаўнік УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Яраслаў Васілеўскі сьціпла згадаў на сайце УУС, што “полымя заўважыла кампанія маладых людзей, якія адпачывалі непадалёк, яны і паведамілі пра пажар”. І ні слова пра тое, якія зьдзекі гэтым маладзёнам давялося перажыць у аддзяленьні міліцыі.

Праваабаронцы ПЦ “Вясна” падрыхтавалі Варвары скаргу, адрасаваную пракурору Ленінскага раёну Горадні. У скарзе пазначылі, што 2 верасьня яна, разам зь сябрамі, была фактычна адвольна затрыманая ў якасьці падазраванай без належнага афармленьня затрыманьня.

Цягам 11 гадзін была пазбаўленая ўсіх працэсуальных правоў і гарантый, прадугледжаных законам для падазраваных у зьдзяйсьненьні злачынства, у тым ліку – права на абарону. Акрамя таго, бестактоўнасьць і грубыя пытаньні супрацоўнікаў АУС пасягалі на ахованае Канстытуцыяй і законам права на недатыкальнасьць асабістага жыцьця.

Варвара просіць прыняць меры пракурорскага рэагаваньня на факты парушэньня працэсуальных правоў, а ў астатняй частцы – ініцыяваць ведамасную праверку выкладзеных фактаў грубага і бестактоўнага стаўленьня да затрыманых з боку супрацоўнікаў АУС у парушэньне Закону “Аб органах унутраных спраў”.

#БезПраваНаРасправу – што гэта за праект?

Мультымэдыйны праект #БезПраваНаРасправу зьяўляецца часткай дзейнасьці Праваабарончага цэнтру “Вясна” па выяўленьні выпадкаў катаваньня і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня і пакараньня з боку органаў улады і іншых дзяржаўных структур.

На жаль, нямногія з падобных ахвяр вырашаюцца дамагацца пакараньня для сваіх крыўдзіцеляў ці хаця б надаць агалоску такім інцыдэнтам. У выніку міліцыянты застаюцца беспакаранымі, людзі – неабароненымі ад міліцэйскага гвалту, а статыстыка МУС аб службовых злачынствах – моцна скажонай. Праект #БезПраваНаРасправу закліканы зламаць сьцяну маўчаньня, страху і беззаконьня і паказаць, што катаваньням і жорсткім відам абыходжаньня можна і трэба супрацьстаяць.

#БезПраваНаРасправу