Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 10 Жнівень 2015

Полацкі незалежны журналіст распавёў пра выбары дэпутата парлямэнту ва Ўкраіне (відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Група беларускіх журналістаў наведала ўкраінскі горад Чарнігаў напярэдадні выбараў там дэпутата ў парлямэнт. Сярод гасьцей Чарнігава быў і журналіст з Полацку Віктар Стукаў, які ласкава падзяліўся зь «Віцебскай вясной» сваімі ўражаньнямі пра ўкраінскія выбары і параўнаў іх зь беларускімі.

– Выбары ва Ўкраіне істотна адрозьніваюцца ад так званых «выбараў» у Беларусі. Нават звычайнаму госьцю гораду была бачная перадвыбарная кампанія: Чарнігаў стракацеў білбордамі кандыдатаў, усюды стаялі агітацыйныя намёты з раздачай перадвыбарных буклетаў. Масава раздавалі газеты і ўлёткі пра выбары, пра кандыдатаў і пра сацыяльна-эканамічныя праблемы гораду і краіны.

На адзін мандат дэпутата Рады Ўкраіны прэтэндаваў ў Чарнігаве 91 кандыдат, зь іх палітычнымі партыямі былі вылучаныя 7, а праз самавылучэньне – 84. Ужо вядомыя вынікі выбараў, перамог кандыдат ад Блёку Пятра Парашэнкі, кіраўнік Дзяржкіраваньня справамі Сяргей Беразенка з 35,9%.

Багатыя кандыдаты раздавалі ў горадзе пакеты з харчамі. Так, у горадзе на палянцы быў усталяваны шацёр-штаб кандыдата Генадзя Корбана. З аднаго боку шатра – бясплатныя дзіцячыя атракцыёны, куды выстраілася чарга бацькоў зь дзецьмі. З другога боку – вялікі намёт, дзе раздавалі пакеты з прадуктамі, і вялікая чарга пэнсіянэраў. Але гэтая купля галасоў не дапамагла кандыдату Корбану, ён заняў другое месца з 14,76% галасоў.

У горадзе ўвечары праходзілі мітынгі і канцэрты з агітацыяй за кандыдатаў, выбарчая кампанія кідалася ў вочы з усіх рэклямных шчытоў.

У Чарнігаве беларускія карэспандэнты вывучалі сусьветны журналісцкі досьвед выкарыстаньня звычайных смартфонаў для стварэньня відэаролікаў для навінавых сайтаў і тэлекампаніяў.

За некалькі дзён да выбараў карэспандэнты ў якасьці практыкі зладзілі апытаньне мясцовых жыхароў на вуліцы: «Ці паўплываюць гэтыя выбары на вашае далейшае жыцьцё?».

«Выбары ніяк не паўплываюць ані на маё жыцьцё, ані на жыцьцё іншых людзей, бо няма парадку...», – кажа жанчына сярэдніх гадоў.

«Паўплываюць. Кожны чалавек думае, што выбірае людзей, якія паўплываюць на нашае жыцьцё ў лепшы бок, жыцьцё нашае стане лепшым, багацейшым... », – маладая мама, што шпацыруе зь дзіцем.

«Народу надакучылі ўсялякія падачкі, грошы і гэтак далей... Алігархі людзям ужо надакучылі, таму людзі цяпер імкнуцца галасаваць за нармальных кандыдатаў, і я мяркую, што ўсё зьменіцца ў лепшы бок...» – кажа малады хлопец, які агітуе за кандыдата ад ўсеўкраінскага аб'яднаньня «Свабода».

«Кожны спадзяецца на лепшае. Хочацца ўжо нечага добрага, стабільнасьці нейкай...» – кажа маладая жанчына.

Малады мужчына: «Выбары абсалютна не паўплываюць на маё жыцьцё. Бо я зьвяртаўся з праблемай да ўсіх – да Корбана, да Беразенкі асабіста, да Андрэйчанкі: яма на выезьдзе з двара, ня можа праехаць ніводная машына, ані хуткая. Я сам з мужыкамі за 100 грыўняў дамовіўся, засыпалі яму, але дажджамі размыла, праехаць нельга ... І ўсім глыбока напляваць... Я па факце нікому ня веру... Я разумею, што гэта ўсё развадняк...»

Дзяўчына, што агітуе за Міколу Зьверава: «Я мяркую, выбары могуць паўплываць, калі абраць нармальнага кандыдата, які будзе рабіць нешта для людзей – не толькі сабе, а думаць і пра людзей. Ёсьць такія кандыдаты, якія кажуць – будуць рабіць для людзей, у выніку атрымліваецца толькі для сябе. Але адзінкі ёсьць, якія і на нас не забываюцца. Я спадзяюся, што ў нас працоўныя месцы зьявяцца зноў, будзе ўсё добра...»

Ня ўсе мінакі згаджаліся даваць інтэрвію на камэру смартфону. Кожны другі адмаўляўся, што адпавядае сусьветнай практыцы ў свабодных дэмакратычных краінах. У Беларусі ўсё горш – у нас ўгаварыць мінака сказаць што-небудзь на камэру значна цяжэй.

Сямён Сідараў, Віцебская вясна