Друкаваць гэтую старонку
Серада, 07 Люты 2018

Фіксаваць парушэньні на віцебскіх yчастках будуць незалежныя назіральнікі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Ужо стала добрай традыцыяй напярэдадні чарговых выбараў праводзіць у горадзе над Дзьвіной трэнінгі для назіральнікаў. Ня стала выключэньнем і сёлетняя выбарчая кампанія.

Трэнінг, на якім пашчасьціла папрысутнічаць карэспандэнту «Віцебскай вясны», вяла Тацяна Севярынец, вядомы віцебскі палітык, сябра незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Сярод прыкладна 20 чалавек, што ўзялі ўдзел, былі прадстаўнікі БНФ, БХД, руху «За свабоду» і проста неабыякавыя грамадзяне, для якіх важна змагацца за права грамадзян на сумленныя выбары.

Вядоўца ў нязмушанай форме распавяла пра найбольш частыя парушэньні на выбарчых участках і навучала фіксаваць іх, пазнаёміла з працэдурай падачы скаргаў у розныя інстанцыі, падзялілася досьведам свайго ўдзелу ў такіх кампаніях. Асабліва прасіла зьвярнуць увагу на магчымыя правакацыі як з боку чальцоў камісіяў, гэтак і з боку прадзяржаўных назіральнікаў. Паводле яе словаў, перад імі будзе стаяць задача ўсімі сіламі дыскрэдытаваць незалежных назіральнікаў, каб пасьля іх можна было выдаліць з участку.

Акрамя спадарыні Тацяны, зь невялікай прамовай выступіў Алесь Сілкоў, нацыянальны каардынатар кампаніі назіраньня «Права выбару-2018».  Менавіта ў межах гэтай кампаніі, якая аб'ядноўвае розныя палітычныя структуры Беларусі, і было арганізаванае цяперашняе навучаньне. Асноўнымі мэтамі, якія ставіць перад сабой «Права выбару» ёсьць дамагчыся правядзеньня выбараў у адпаведнасьці з выбарчым кодэксам РБ і прывесьці выбарчы працэс у адпаведнасьць з агульнапрынятымі міжнароднымі стандартамі.

Будучым назіральнікам былі прадэманстраваны кароткія, але пры гэтым вельмі зьмястоўныя відэаролікі, дзе даступнай мовай тлумачылася, якім чынам можна стаць назіральнікам (сабраць 10 подпісаў ад грамадзян, што пражываюць на акрузе, або атрымаць накіраваньне ад палітычнай партыі ці грамадзкай арганізацыі), якія правы нададзеныя назіральнікам, якім чынам павінна праходзіць працэдура падліку галасоў, і падавалася іншая важная інфармацыя.

Акрамя таго, быў прадэманстраваны відэасюжэт аб працэдуры падліку галасоў з украінскага выбарчага ўчастку. У адрозьненьне ад беларускіх выбараў, дзе назіральнікі і шараговыя сябры камісіі ня маюць магчымасьці бачыць кожны асобны бюлетэнь, на ўкраінскіх даецца такая магчымасьць. Што і зьяўляецца асноўнай прыкметай сумленных і справядлівых выбараў. Але нашым выбарам да такога яшчэ далёка.

Пасьля таго як уся важная інфармацыя была агучаная, прысутныя прайшлі тэст для замацаваньня пройдзенага матэрыялу.

Па заканчэньні актывісты ў кулюарах дзяліліся меркаваньнямі адносна цяперашняй выбарчай кампаніі.  На думку аднаго з удзельнікаў, самай вялікай праблемай для ўладаў падчас гэтых выбараў будзе забесьпячэньне яўкі выбаршчыкаў. «Толькі самыя дурныя людзі могуць пайсьці галасаваць у цяперашніх умовах», - заявіў ён.

Паглядзім, ці змогуць назіральнікі хоць неяк паўплываць на сумленнасьць выбараў.

Уладзімер Бяляўскі