Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 30 Лістапад 2021

Паўтара года «хіміі» – за чарговую абразу даішніка Ігара Вольніча. Прысуд набыў законную моц

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Ігар Вольніч душыць чалавека каленам. 20 чэрвеня 2020 года. Кадр з відэа: «Ганцавіцкі час» Ігар Вольніч душыць чалавека каленам. 20 чэрвеня 2020 года. Кадр з відэа: «Ганцавіцкі час»

Віцебскі абласны суд 30 лістапада разгледзеў апеляцыйную скаргу 46-гадовага Ігара Галубоўскага на рашэнне суду Першамайскага раёну, які пакараў яго абмежаваннем волі на 1 год і 6 месяцаў за каментар на адрас міліцыянта з Ганцавічаў Ігара Вольніча. Мужчына быў прызнаны вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК РБ). Ён ужо выплаціў «пацярпеламу» 1500 рублёў маральнай кампенсацыі.

Скаргу ў абласным судзе разглядала калегія пад старшынствам суддзі Галіны Урбановіч, у складзе таксама былі суддзі Яўген Буруноў і Дзяніс Губанаў.

Суд Першамайскага раёну Віцебску 14 верасня 2021 году прысудзіў кіроўцы дзяржаўнага прадпрыемства Ігару Галубоўскаму паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Па звестках суду, мужчына «21 чэрвеня 2020 году, знаходзячыся ў Віцебску і маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады – Ігара Вольніча, прадстаўніка аўтамабільнай інспекцыі, са свайго ўліковага запісу ў «Аднакласніках» на агульнадаступнай старонцы карыстальніка Вольгі Карач пад публікацыяй у дачыненні да Вольніча публічна размясціў электронны тэкст – каментар». Гэты каментар, на думку абвінавачання, утрымліваў «ненарматыўную форму маўленчага выказвання, якая прыніжае аўтарытэт, гонар і годнасць асобы прадстаўніка ўлады Вольніча ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў».

«Усё наладзілася – і ў адзін момант можа абрынуцца»

У скарзе Ігар Галубоўскі зазначыў, што, хоць прызнаў цалкам сваю віну і раскаяўся, але лічыць прызначанае пакаранне занадта строгім. Таму прасіў прызначыць пакаранне, не звязанае з абмежаваннем волі – на паўтара года хіміі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Патлумачыў, што выхоўвае малалетняга сына і робіць з ім урокі.

«Я ўчыніў злачынства несвядома, на эмоцыях, нават не задумваўся. Напісаў і забыўся пра гэта. І ўжо нагадалі мне пра гэта органы міліцыі, што я зрабіў усё не так, як трэба», – тлумачыў Ігар.

«У мяне сын малалетні, наладзілася ўсё. Працы не было. Працаваць пачаў. Усё наладзілася – і ў адзін момант можа ўсё абрынуцца», – звярнуўся ён да судовай калегіі.

Адвакат падаў два хадайніцтвы з месца працы – ад дырэктара і калектыву, у якіх Галубоўскі характарызаваўся як добры працаўнік. Калегі прасілі не адпраўляць яго на «хімію», бо ў гэтым выпадку яму давядзецца звольніцца з прадпрыемства.

Абаронца падтрымаў довады скаргі і заявіў, што «ўзнікае пытанне аб адпаведнасці прызначанага пакарання ступені цяжкасці злачынства». Таксама папрасіў калегію прызначыць пакаранне, не звязанае «з ізаляваннем ад грамадства». Звярнуў увагу, што яго падабаронны не з'яўляецца небяспечным злачынцам, а працуе і прыносіць карысць грамадству, не спрабаваў ухіліцца ад адказнасці.

Пракурор: «Падрываў аўтарытэт дзяржаўнага ладу»

Пракурор Антон Гарохаў заявіў, што рашэнне суду Першамайскага раёну правільнае, у ім улічаныя ўсе неабходныя акалічнасці. Заявіў, што падсуднаму і так была прызначаная палова ад максімальнага тэрміну. А таксама паведаміў, што «пасля пакідання рознага роду каментароў, непахвальных, на адрас прадстаўнікоў улады, падрываецца аўтарытэт улады, а таксама – дзяржаўнага ладу». І папрасіў нічога не змяняць і пакінуць скаргу без задавальнення

Калегія параіўшыся, прыйшла да высновы, падтрымаць меркаванне пракурора і пакінуць прысуд без зменаў.

Гэта далёка не першы прысуд за каментары на адрас міліцыянта Вольніча. Так, 4 кастрычніка суд Першамайскага раёну Віцебску агучыў адразу два аднолькавыя рашэнні за падобныя каментары. Спачатку Аляксандр Шматаў быў прысуджаны да двух гадоў «хіміі», а пасля да такога ж тэрміну прыгаварылі Міхаіла Берднікава. Яны таксама выказалі сваё стаўленне да дзеянняў супрацоўніка міліцыі на старонцы Вольгі Карач пад фотаздымкам Вольніча. На фатаграфіі быў подпіс: «Гэта я так спрытна прыціснуў да тратуару галаву мірнага дэманстранта падчас затрымання. Ігар Вольніч, працаўнік ДПС ДАІ г. Ганцавічы». Карыстальнікі інтэрнэту абурыліся.

Пры затрыманні пратэстоўцаў супрацоўнік ДАІ Ігар Вольніч неапраўдана ўжываў гвалт – душыў каленам.

Уладзімір Бяляўскі