Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 19 Лістапад 2021

У Віцебску зноў судзілі за Пагоню на машыне. Прысуд: 10 сутак арышту

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Фота мае ілюстрацыйны характар: euroradio.fm Фота мае ілюстрацыйны характар: euroradio.fm

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 18 лістапада разглядалася чарговая адміністрацыйная справа за налепку на аўтамабілі. 43-гадовага Уладзіслава Цітова асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за невялікі герб Пагоня на багажніку. Суддзя Уладзімір Царыкаў палічыў гэта ўдзелам у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч.1 арт. 24.23 КаАП). Цітоў віны не прызнаў і заявіў, што не мае ніякага дачынення да налепкі.

Згодна з пратаколам адміністрацыйнага правапарушэння, спецыяліст па лагістыцы прыватнага прадпрыемства Уладзіслаў Цітоў у перыяд ад 23-га да 26 кастрычніка, знаходзячыся ў Віцебску, «узяў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – пікетаванні, якое выразілася ў дэманстрацыі для нявызначанага кола асобаў выявы герба Пагоня на крышцы багажніку аўтамабіля, які належыць яму – з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў і настрояў на падзеі грамадска-палітычных жыцця».

Легкавы аўтамабіль «Пежо» белага колеру быў выяўлены і агледжаны супрацоўнікамі міліцыі 23 кастрычніка на праспекце Люднікава побач з прадпрыемствам «Белвест». Быў складзены пратакол агляду і рапарт.

Раніцай 26 кастрычніка Уладзіславу Цітову патэлефанавалі з Кастрычніцкага РАУС, паведамілі пра налепкі і прасілі прыехаць. Паводле ягоных словаў, менавіта тады ён і даведаўся аб існаванні налепкі на багажніку свайго аўто – і тут жа яе зняў. Хто і калі яе наклеіў, не ведае. Паведаміў на судзе, што машына была ў аварыі, ёй пашкодзілі багажнік, крышка не адкрываецца. З таго часу багажнікам ён не карыстаецца, а таму і не звяртае на яго ўвагу. З салону аўтамабіля ўбачыць, што прылеплена ззаду аўтамабіля, немагчыма.

Суддзя Уладзімір Царыкаў пацікавіўся, ці ведае ён, што Пагоню выкарыстоўваюць людзі, не згодныя з дзеяннямі ўладаў, удзельнікі масавых акцыяў пратэсту. Уладзіслаў адказаў, што не ўдзельнічаў у пратэставых акцыях, і толькі ведае, што ўдзельнікі выкарыстоўваюць бел-чырвона-белыя сцягі.

«Ну, каб з гербамі хадзілі – я не бачыў», – адказаў ён. «Вы якія асацыяцыі маеце ў дадзеным выпадку з такой выявай?» – удакладніў суддзя. «Абсалютна нейтральныя. У мяне атэстат з такім гербам аб заканчэнні сярэдняй школы. Ну то бок герб як герб», – патлумачыў Уладзіслаў.

Перш чым вынесці вердыкт, суддзя Царыкаў агучыў высновы, да якіх прыйшоў суд, і заявіў, што «працяглы перыяд часу знаходжання налепкі», а таксама «белы колер аўтамабіля, які дазваляе з адлегласці выявіць наяўныя на ёй пабочныя прадметы», сведчаць аб тым, што «Цітоў не мог не ведаць аб наяўнасці дадзенай налепкі». А яго довады «аб тым, што яму не было вядома аб яе наяўнасці на крышцы багажніку, суд знаходзіць непераканаўчымі».

Суддзя паведаміў, што «у якасці змякчальнай адміністрацыйную адказнасць акалічнасці суд прызнае наяўнасць на ўтрыманні малалетняга дзіцяці, якое пражывае з маці» і прысудзіў Уладзіславу Цітову 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

На выхадзе з будынку суду мужчына быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. За кратамі яму трэба будзе правесці 7 дзён, бо трое сутак (ад 2-га да 5-га лістапада) ён ужо адбыў у мясцовым ізалятары.

Гэта далёка не першы выпадак у Віцебску, калі судзяць за налепкі на аўтамабілі. Той жа суддзя Царыкаў 22 кастрычніка судзіў супрацоўніка транспартнай інспекцыі Юрыя Шылько за налепку на заднім бамперы аўтамабіля. Супрацоўнік інспекцыі таксама заяўляў, што не клеіў яе. Тады суддзя стаў на яго бок і заявіў, што немагчыма ўстанавіць, хто наклеіў налепку. А 12 лістапада, усё той жа суддзя Царыкаў, судзіў ужо лекарку Марыну Бурбліс за налепку літоўскага герба на крышкі багажніка. Ён прызнаў яе вінаватай і аштрафаваў на 50 базавых велічынь. На працэсе стала вядома, што крышку багажніка прывезлі з Літвы ўжо з налепкай і ўсталявалі на аўтамабіль.

Уладзімір Бяляўскі